А ДЗЕ Ж ТЫЯ ВАЯРЫ?
Гэта самы чалавечны і ў той жа час самы рамантычны партрэт будучага імпэратара — “Напалеён на Аркольскім мосьце” (мастак Антуан-Жан Гро). Партрэт-акцыя, дзе адлюстраваны подзьвіг маладога генэрала. Памятаю, як углядаючыся ў мужны твар на эрмітажнай выставе, я, — тады зусім малады чалавек, — усхвалявана думаў: “Вось яна — рэвалюцыя! Такія асобы абуджаюць свой народ і абнаўляюць Эўропу...” Фон карціны, як заўсёды ў жывапісе рамантызму, гучаў сімфоніяй пачуцьцяў, быў адлюстраваньнем перажываньняў героя. Здавалася, хмары зьліліся ў субоі з гарамі, і няма межаў тытанічным стыхіям. Можна сябе ўявіць, што сучасьнікі напалеёнаўскіх войнаў перажывалі яшчэ мацнейшы катарсіс у дыялёгу з гэтым палатном.
У лістападзе 1796 г. рэвалюцыйная армія на шляху да Вэроны сутыкнулася з непераадольным супрацівам фэадальнага войска. Аўстрыйцы адбівалі атаку за атакай, у французкіх шыхтах запанаваў адчай і сум. Як раптам на перадавой зьявіўся галоўнакамандуючы, схапіў палкавы сьцяг і пабег па мосьце, заваленым трупамі. Усе кінуліся за ім, аўстрыйскія шыхты пачалі разьбягацца... Нядаўна я быў на гэтым мосьце ў італьянскім мястэчку Арколі, якое знаходзіцца на самым роўным месцы Падуанскай даліны. Даўняе юнацкае перажываньне, прадыктаванае мастацкім творам, карэктавалася рэчаіснасьцю. Ніякіх гораў, ніякай бездані пад мостам. Мосьцік у 60-65 крокаў над банальна прамым арашальным каналам. Ды й сам эпізод, тая колішняя крыніца катарсісу пры дакумэнтальным вывучэньні сюжэта набылі зусім празаічныя рысы. Аказалася, усе, хто пабег побач з Банапартам, былі забітыя. А тыя, хто імпэтна бег сьледам, саштурхнулі яго разам са сьцягам у мутную ваду канала (што й ўратавала яму жыцьцё). Захапляльны вобраз трыюмфальнага шэсьця Рэвалюцыі быў вернуты на зямлю, дзе 200 гадоў таму ня было месца прыгажосьці, а адбывалася крывавае сутыкненьне паміж дзьвюма вялікімі групамі людзей.
Ці падмануў мастак Гро сваіх сучасьнікаў, ці пакінуў для будучыні карціну, што не адпавядала рэчаіснасьці? Не! Твор жывапісу — гэта не штабная рэляцыя і не сухая справаздача назіральніка. Мастак — стваральнік ідэала, вобразу эпохі. Ягоны пэндзаль выводзіў радкі легенды нацыянальнай гісторыі, якая натхняла (і працягвае натхняць цяпер) сэрцы французаў. У гэтым ёсьць чароўная сіла сапраўднага мастацтва.
У гістарычных аналах народаў часам захоўваюцца аб'ектыўна зусім малазначныя падзеі. Аднак, яны ўзвышаюцца ў нацыянальнай самасьвядомасьці велічнымі манумэнтамі, яны — апірышчы духоўнай традыцыі. Атаку пры Самасьеры вывучаюць у польскіх вайсковых акадэміях, палякі едуць у Гішпанію, каб пакланіцца мясьцінам, дзе ўславілася іхнае войска. Кожны ведае пра геройскую бітву са школьных падручнікаў. Самасьера таленавіта ўвекавечана ў палатне Пётры Міхалоўскага і рамане Стафана Жэромскага. Што ж адбылося ў 1808 годзе ў пірэнейскай цясьніне? Французы паслалі польскіх уланаў у атаку на артылерыйскія пазыцыі і тыя выканалі задачу, пасекшы абслугу трох гішпанскіх батарэяў. Шлях на Мадрыд быў адкрыты. Уланы згубілі 18 чалавек забітымі і 75 параненымі. На фоне знакамітых бітваў тае пары Самасьера — безумоўна лакальны эпізод, якіх на працягу кожнай ваеннай кампаніі бывае дзесяткі. Лакальны эпізод стаўся элемэнтам нацыянальнага міфа.
“Трижды проклятая Орша”... Злавесным рэхам адгукалася па ўсёй Масковіі імя беларускага горада. Маскоўцы не далічыліся. Толькі ў вялікіх бітвах яны былі бітыя пад Воршай ажно чатыры разы. Перамога 8 верасьня 1514 года была самай маштабнай і найславуцейшай. Беларускае войска, наш народ на працягу 500 гадоў баранілі эўрапейскую цывілізацыю ад расейскага варварства. Ворша займае пачэснае месца ў шэрагу вайсковых перамогаў, што вызначылі лёс Эўропы: бітвы на Каталаўнскіх палях (451 г., рымскія легіёны зьнішчылі гунаў), пры Пуацье (732 г., франкі спынілі арабскае нашэсьце), пры Лепанта (1571 г., флот Каталіцкай Лігі разграміў туркаў). У разгроме крыжакоў пад Грунвальдам (1410 г.) і выратаваньні Вены ад туркаў (1683 г.) беларускія палкаводцы і ваяры адыгралі вырашальную ролю. Пра гэта ўсе забыліся. Паўтысячагоддзе, да самага канца XVIII ст. беларусы засланялі сабой сваю Айчыну і цэлы кантынэнт ад нашэсьцяў маскоўскай арды, утварыўшы вышэйшага ўзроўню школу вайсковага мастацтва, жылі ў вечнай ваеннай гатоўнасьці, пралілі рэкі крыві, урэшце падарвалі свае нацыянальныя сілы — і ад гэтага не засталося практычна нічога. На пытаньне мясцовага мытніка пра мэту прыезду ў Беларусь інтэлігентны турыст адказвае: “Хачу пазнаёміцца з гісторыяй вашай краіны”. А дробны монстр з чырвоным таўром “таможня” рагоча: “Так ведь тут нет никакой истории”. Школа, — невылечны маразматык савецкай сістэмы, — тлуміла пакаленьні нашых дзяцей біяграфіямі маскоўскіх цароў, Суворавым і партыйнымі зьездамі, ні словам не згадаўшы пра Воршу, пра нашу славу і трагедыю. На будынках нашых вакзалаў вісіць прыплюснутая ў рэльеф галава Леніна (праўда, ён праязджаў тут на шляху ў эміграцыю і выйшаў з вагона на пару хвілінаў, каб купіць піражкі). А магілы беларускіх герояў, палі вайсковай хвалы пазарасталі быльнягом. Ім няма помнікаў, іх паглынула амнэзія. Суседзі актыўна пакарысталіся ненармальным станам нацыянальнай памяці, выкліканым расейскай акупацыяй і зьнішчэньнем Беларускай дзяржавы і нашай эліты. Разгортваем школьны падручнік віленскага выданьня 1993 г. на расейскай мове “История Литвы”: на адпаведнай старонцы вядомая гравюра і назва главы “Победа литовцев под Оршей”. Вось так... Працэс абуваньня ў лапці нашага народу — адна з прыярытэтных функцыяў расейскіх, польскіх, летувіскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. З іхняй падачы неякасны інтэлектуальны прадукт трапляе ў замежныя энцыкляпэдыі і г.д. Нам столькі гадоў расказвалі сафістычныя байкі пра нас саміх (“беларусы рахманыя і неваяўнічыя”, “жылі ўвесь час пад польска-літоўскімі фэадаламі”, “фармаваньне беларускай нацыі пачалося з канца 18 ст.”, “знаете, товарищи, не было таких — белоруссов”), што мы й самі паверылі ў тое, што нас няма. Шок канца 1980-х гадоў, калі пачаўся новы этап нацыянальнага Адраджэньня, быў дастаткова моцным, каб разьбіць закарэлыя стэрэатыпы. Кнігі расстраляных расейскімі акупантамі гісторыкаў і іхных сучасных вучняў Міколы Ермаловіча, Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча, якія ўрэшце дайшлі да чытача, абумовілі сапраўдную інтэлектуальную рэвалюцыю. Ужо праз колькі гадоў лукашэнкаўскія інквізытары пачалі паліць беларускія падручнікі і пляжыць гістарычную традыцыю, настаўніцтва было вернута ў хамут служэньня антыбеларускім псэўдакаштоўнасьцям. Сьвятыя вобразы зноў замянілі маскоўска-акупанцкім шалупіньнем кшталту курса “Истории Отечества” ды агульнарэспубліканскай пьянкі ў “День защитника Отечества” 23 лютага. Але калгасная дыктатура ўжо ня мае абсалютнай моцы над духоўным жыцьцём нацыі. Ужо мы не дазволім сьцерці яшчэ раз імя тройчы ўслаўленай Воршы і ўсю беларускую ваенную гісторыю з нацыянальнай памяці.
Гістарычная тэма ў беларускім мастацтве знаходзіцца ў эмбрыянальным стане. Старонкі раманаў Уладзімера Караткевіча і Кастуся Тарасава, графічныя аркушы Міхаіла Басалыгі і Рыгора Сітніцы, балет “Рагнеда” — ці не замала яркіх твораў на 10-мільённую нацыю? Хаця што зробіш, калі найлепшыя дасягненьні падцэнзурнага мастацтва БССР належалі жанрам нацюрморта і краявіда? А на плошчах нашых гарадоў дагэтуль стаяць бальшавіцкія ідалы, іхнімі імёнамі дагэтуль названыя вуліцы. Баляслаў Прус сьмяяўся вуснамі сваіх егіпецкіх герояў над элінамі, якія на матэр'яле пірацкай экспэдыцыі ў Трою зрабілі ўзьнёслы эпас. Нам жа трэба толькі абярнуцца ў мінуўшчыну і адкрыюцца скарбы, якім пазайздросьціць любы, самы клясічны народ. Пакуль што ў велічны гмах Гістарычнай Памяці беларускімі творцамі пакладзеныя нямногія цаглінкі.
Зьбіраньне камянёў нашай мінуўшчыны ёсьць наша задача. На чужынцаў няма спадзяваньня. Расеец не дакажа праўды пра 1382 год. Калі хан Тахтамыш падышоў да Масквы, адтуль уцякла ўся дзяржадміністрацыя начале з князем Дзімітрыем і мітрапалітам Кіпрыянам. Маскоўскі люд пачаў піць, гуляць і рабаваць. У горадзе запанаваў хаос, аж покуль ліцьвіны не ўзялі справу абароны ў свае рукі: князь Асьцей (яго называюць унукам Альгерда) арганізаваў абарону на мурах і парадак на вуліцах, а рамесьнік Адам камандаваў артылерыяй. І каб не маскоўская дурата, то горад бы не загінуў. Ня скажуць яны праўды і пра 1812 год, калі ў Барадзінскай бітве сталі па абодва бакі фронту па законах грамадзянскай вайны беларускія палкі. І польскі інтэлектуал не дакажа праўды. Мельхіёр Ваньковіч у сваёй знакамітай манаграфіі “Монтэ-Касіна”, прысьвечанай перамозе арміі генэрала Андэрса ў Італіі ў 1944 г., згадвае слова “беларус” роўна два разы на 350 старонак. Прычым адна са згадак інфармуе пра ўцёкі ў нямецкі палон (прозьвішчы, аднак, не пададзены). Калі ж чытаеш сьпісы загінуўшых, што падаюцца ў апараце кнігі, то ясна разумееш, што больш за палову герояў беларусы і ўкраінцы. На тэрыторыі мэмарыялу ў Монтэ-Касіне цяпер ёсьць алея сьцягоў. Там лунаюць дзяржаўныя сьцягі Індыі і Пакістану (у 1944 г. такіх дзяржаваў ня было), бо ў штурме ўдзельнічалі брытанскія каляніяльныя часткі. Беларускага сьцяга там няма.
Антуан-Жан Гро ўразіў сучасьнікаў яшчэ адным палатном — “Напалеён ў бітве пад Эйлаў”. Імпэратар аб'язджае на кані поле бітвы. Снег засыпае груды трупаў. Паранены чалавек у расейскім мундзіры няўклюдна паўзе і цягне руку да пераможцы. Нехта са сьвіты пераказаў потым гэты эпізод жывапісцу. Паранены казаў Банапарту, што хацеў бы служыць у ягоным войску. Казаў, што ён ліцьвін, мабілізаваны маскоўцамі на абарону іхняй імпэрыі. Цяпер кожны экскурсавод па Луўру расказвае перад карцінай пра “літоўца” (канешне ж, паводле ўсіх крыніцаў — “lituanien”). Беларус на чужой вайне за чужыя інтарэсы, у чужым мундзіры, а ў дадатак яшчэ пад чужым імем — і так 200 гадоў пасьля згубы сваёй дзяржавы.
Вечна так ня будзе. Наш народ урэшце адбудуе сваю эўрапейскую дзяржаву і дасьць адэкватную ацэнку сваёй мінуўшчыне. Беларускае войска скіне з сябе маскоўскую мішуру. Будуць у нас Варшанскі, Грунвальдскі і Грозаўскі гвардзейскія палкі, службу ў якіх моладзь будзе лічыць за гонар. Будзе Вайсковая Акадэмія імя князя Канстанціна Астрожскага, у якой на дзяржаўнай мове будуць выхоўваць абаронцаў Айчыны паводле багацейшых мілітарных традыцыяў беларускай нацыі. А Дзень Беларускай Вайсковай Славы 8 Верасьня будзе дзяржаўным, усенародным сьвятам.
Валеры Буйвал