КРЫВОЕ ЛЮСТРА
Правінцыйнасьць ёсьць галоўнай прыкметай сучаснай мясцовай журналістыкі (не паварочваецца язык назваць яе беларускай). У нас практычна не існуе прафэсійнай аналітыкі, няма майстэрства рэпартажу. Міжнароднай беларускай журналістыкі няма, проста не існуе ў прыродзе: журналісты ня ведаюць моваў, не арыентуюцца ў культурных і палітычных працэсах іншых краінаў. Такое ўражаньне, што яны пасканчалі аддзяленьне для раёнак на журфаку (было там такое; ці ёсьць цяпер — ня ведаю). Ну вось, напрыклад, трапляе менскі журналіст з “Беларускай маладзёжнай” у Парыж, шпацыруе, рапартуе чытачу на радзіму пра свой шпацыр. Чытаем эфэктную канцоўку (канешне ж, напісана па-расейску): “А на триумфальной арке Наполеона написано — Бородино. Имя подмосковной деревеньки взволновало и перенесло на мгновение домой...” Я даўно забыўся прозьвішча аўтара, але дагэтуль нашу ў памяці гэты няўклюдна зьлеплены сюжэцік як хрыстаматыйны прыклад збачэнскай духоўнай арыентацыі і прафэсійнай сьлепаты. На трыюмфальнай арцы сярод тапонімаў і гідронімаў, якія ўславіліся перамогамі і трагедыямі напалеёнаўскіх войнаў, золатам накрэсьленыя беларускія імёны — Новы Сьвержань, Полацак, Беразіна... А ў менскага рэпарцёра засьціла вочы, ён хвалюецца з іншае нагоды. Нельга сябе ўявіць, каб такое ў Парыжы здарылася, напрыклад, з польскім журналістам. Той адразу пабяжыць паведамляць чытачам пра стан поніка Адаму Міцкевічу працы знакамітага французкага плястыка Бурдэля.
Пераважная частка журналістаў вызначаецца вузкасьцю погляду на сучаснасьць. На агульным сумным фоне прыемным выняткам з правіла глядзіцца Аляксандр Старыкевіч. “Нелюбімыя” мной журналісты таксама, бывае, даюць нечакана добрыя матэр'ялы. Алесь Сіліч у “Народнай Волі”, напрыклад, надрукаваў нядаўна яркую нізку рэпартажоў з Бэльгіі. Так, выключэньні ёсьць, але ўсё ж пануе агульная шэрасьць. Мне ёсьць з чым параўноўваць. У далёкім юнацтве, калі вучыўся ў Пецярбургу і часта бываў у Маскве, даводзілася назіраць за творчай моладзю, што прыехала ў імпэрскія сталіцы з усіх абшараў на журфакі сталічных унівэрсітэтаў. Якая была арыгінальнасьць думкі, імклівасьць рэакцыі, начытанасьць, уменьне рызыкаваць. Пасьля вяртаньня ў родную Беларусь мяне ўразіла савецкая правінцыйнасьць бээсэсэраўскай журналістыкі, проста невылечная правінцыйнасьць, абмежаванасьць у хаўрусе з самазамілаваньнем і пыхай. Думаў, так будзе вечна. І вось грымнула наша рэвалюцыя. Журналісты былі побач з намі на акцыях, спазналі рэпрэсіі, мы пабачылі іхнія акрываўленыя галовы пад паліцэйскімі палкамі. Газэтнае жыцьцё напружана пульсавала, публіка зачытвалася. Аднак, недзе з 1996 года ў беларускай журналістыцы адбываюцца амаральныя працэсы. “Майстры” пяра груба парушаюць прафэсійны кодэкс гонару. Звычайнай справай сталіся ганебныя справы: дэзінфармацыя, замоўчваньне падзеяў. Так званыя “незалежныя” выданьні ствараюць дыстортную, скрыўленую, неадэкватную карціну рэчаіснасьці. Фактычна груба ашукваюць ня толькі беларускае грамадзтва, але таксама й замежны сьвет. Яны актыўна удзельнічалі і ўдзельнічаюць цяпер у подлых апэрацыях, якія вядуць антыбеларускія сілы ў рамках інфармацыйнай вайны супраць Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, супраць Беларусі. Дастаткова ўспомніць, як яны актыўна ляпілі гарбушку з “адзіным кандыдатам” на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. Як стварылі гераічны іканастас з асобаў, якія ўславіліся выключна як верныя лёкаі Лукашэнкі, што актыўна удзельнічалі ў стварэньні і функцыянаваньні антынароднага рэжыму, а вытураныя гаспадаром, сталіся “аб'яднанай апазыцыяй”: Чыгір, Лябедзька, Домаш... Найбольш яркае самараскрыцьцё прадажнай і хлусьлівай журналістыкі мы назіраем у адлюстраваньні тэмы Курапатаў. Створаны міф пра “валанцёраў”, якія нібыта абаранілі сьвятыню; міф пра “камітэт абароны”, які вызначыўся перш за ўсё пратэстамі супраць крыжаўзьдзьвіжаньня ў Курапатах. Дзейнасьць сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якія засланілі сабой курапацкую сьвятыню, церпяць ад рэпрэсіяў, ствараюць Нацыянальны мэмарыял, падзьвяргаецца шальмаваньню, у лепшым выпадку проста замоўчваецца. Ганьба!
У чым жа прычына такога прыкрага рэгрэсу цэлага падвіду творчай інтэлігенцыі нашай краіны? Адказ адназначны — у звычайнай карупцыі, прадажнасьці. Проста зьдзіўляе аднагалосіца, наладжаная зрэжысіраванасьць трактоўкі палітычных працэсаў у Беларусі на балёнках прэсы, падпарадкаванай расейскім і нямецкім сілам, якія дыктуюць сваю антыбеларускую волю. “Наша Свабода” на вачах пераўтварылася ў абсалютную карыкатуру на тое, што было пры былым рэдактары сьветлай памяці Ігару Гермянчуку. Дзіўныя публікацыі зьяўляюцца ў “Народнай Волі”. “Белорусская газета” и “БДГ” — адкрыта антыбеларускія выданьні. Бачна як “з адной бочкі” разьліваецца дэза па іхніх балёнках. Грамадзтва дэзарыентаванае, заблытанае. Пустышкі ў выглядзе “ланцугоў неабыякавых людзей”, “зуброў” ды дранчукоў з шчукінымі засланяюць сабой страшныя працэсы здачы нашай дзяржавы ў маскоўскі палон (пра гэта або ані слова або з антыбеларускіх пазыцый).
Нездарма сумнавядомы Ганс Вік утварыў на тэрыторыі свайго нямецкага цэнтру ў Менску “журналісцкі клюб”, раздаваў грашовыя прэміі, па колькі разоў арганізоўваў для паслухмяных стажыроўкі ў Нямеччыне. Ідуць гранцікі, уліваньні праз фонды. Журналісты становяцца цацкамі ў руках тых, хто дае грошы. Расейскія грошы таксама здаўна актыўна ўліваюцца ў мясцовыя СМІ (быў нават такі фонд “Восток-Запад”). Гледзячы на гэты шабас збоку, цяжка нават часам разабрацца, дзе канчаецца дзейнасьць спэцслужбаў і пачынаюцца СМІ.
У недалёкай будучыні адкрыюцца таямніцы інфармацыйнай вайны супраць Беларусі. Стануць вядомыя імёны і цёмныя справы яе арганізатараў і выканаўцаў. Баюся, што такую зьяву, як беларуская журналістыка, давядзецца ствараць нанова.
Валеры Буйвал