ВЯЛІКІ КУПАЛА

Як добра мець такога паэта, вуснамі якога прамаўляла вольная Беларусь! Гэта магутны талент і дар Божы для беларусаў, на ўсе часы.

Янка Купала ідэйна і эстэтычна засьведчыў сьпеласьць беларускай нацыянальнай літаратуры, адлюстраваў у творчасьці лёс нацыі на тым этапе яе існаваньня, выявіў беларускую нацыянальную ідэю ў эстэтычнай форме і нацыянальныя каштоўнасьці — у вобразах мастацкай красы.

Чым жа нязьменны і чым дарагі нам зараз, цяпер, наш вялікі нацыянальны паэт? Ён дарагі нам любовяй да Беларусі, да яе волі і незалежнасьці. Ягоная любоў, выяўленая ў мастацкай форме, гэта ня ёсьць хараство суб'ектыўнага замілаваньня, кшталту: "Люблю мой край, старонку гэту". Ягоная любоў ёсьць адлюстраваньне ўнівэрсальнасьці сьветапабудовы і парадку рэчаў, які прадвызначае паставу і паводзіны чалавека. Бо нельга быць несвабодным. Нельга быць нявольнікам — і спадзявацца на шчасьце. Нават дабрабыту нявольныя людзі ня мецьмуць, бо колькі б яны ні працавалі, вынікі іхняе працы забяруць калянізатары, тыя, ад каго залежныя нявольнікі, тыя, хто валодае іхняй краінай.

Памятаючы Купалу, глянем цяпер на гэтых, што абяцаюць народу "сто" ці "трыста" даляраў зарплаты, дакляруюць рынкавую гаспадарку, багацьце ды кажуць: галоўнае — эканоміка, а не свабода, ня мова, ня сьцяг і ня Бог.

"Чаго хочаш?" — спыталі б такога. "Хачу — дабрабыт." "Ня будзеш яго мець. Бо, каб стаць заможным, трэба быць незалежным!"

Вось дзе найвялікшая каштоўнасьць і найвялікшая праўда Беларускага Адраджэньня! "Гэта бітва йдзе сусьветна між сьвятлом і апраметнай!" — пісаў Янка Купала.

Шчасьце людзей недасягальнае бяз вольнай будучыні ўсіх, без незалежнасьці Бацькаўшчыны. Будаваць нацыянальную будучыню трэба пачынаць зь вялікай ідэі, з Храма, а не з хлява.

"На Вялікі Сход! Па Бацькаўшчыну!" — клікаў Купала. "На прастор!", "На бітву, будучыя сілы!"

Купала, маючы Боскі талент, казаў праўду наўпрост, гучна, голасна і магутна. Гэта рабіла яго вялікім і моцным. І нават сьмяротныя ворагі, гэтае выпарэньне пекла, — рускія бальшавікі — баяліся Купалы і, ненавідзячы, дваццаць гадоў не рашаліся яго забіць. (Пакуль не заманілі паэта ў Маскву).

"Паўстань з народа нашага, прарок, і ў буры гром удар, пад звон кайдан!"

Гэтак пісаў і марыў Янка Купала. Ён якраз і быў тым найвялікшым прарокам і песьняром Беларускага Адраджэньня, які сказаў аб галоўным:

"Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў — на свабоду,
Зваў з цемры — да сьвятла."

Ідэйная пазыцыя і творчасьць Янкі Купалы ёсьць ідэальны прыклад, узор паставы і думаньня для беларусаў, якім неабыякавы лёс Беларусі, якія мараць пра шчасьце Айчыны.

Гэта такая зьява, што пакуль будзе існаваць Беларусь, пакуль будзем мы на Зямлі, дагэтуль будзе вялікім — Купала. Ён — Вялікі Наш. Ён — частка нашай Будучыні.

Няхай жа памяць пра нашага генія станецца вечнай! Няхай творчасьць ягоная лучыцца з нашым змаганьнем. Хай веецца сьцягам і ўспаможа нам — у свабодзе.

Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк