КАНФЛІКТ ДАВІДА З ГАЛІЯФАМ

Няшчасьце, якое здарылася ў Амэрыцы 11-га верасьня ў выніку нападу таямнічых авіаэкстрэмістаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон, уразіла сьвет сваёй жорсткасьцю, разбуральнай выніковасьцю і бездапаможнасьцю Амэрыкі.

Я шаную Амэрыку, зычу ёй дабра і квітненьня. Аднак узрушэньне, якое завалодала палітыкамі, імкненьне тут жа зьнішчыць нябачнага і нібыта “слабога ворага", вымушае мяне ўзяцца за пяро. Для мяне абсалютна відавочна, што палітычныя рашэньні, якія прымаюцца на пачуцьцях, заўсёды накіраваныя толькі на бліжэйшыя мэты. Як правіла, ім нестае прадуманасьці, усьведамленьня магчымых адмоўных вынікаў. Мэта ацэньваецца як рэальнасьць. Але ў працэсе яе дасягненьня сітуацыя можа рэзка перамяніцца, і кантраляваць новыя дачыненьні стане немагчыма.

Пасьпешныя дзеяньні супраць адной усходняй краіны могуць перамяніць сітуацыю і скансалідаваць людзей на Ўсходзе супраць Амэрыкі. Тады, ня гледзячы на палітычныя пазыцыі ўсходніх урадаў, ворагам Амэрыкі стане ўвесь Усход.

Я мяркую, што, ва ўмовах цяперашняга сьвету, збройны канфлікт з Усходам можа быць фатальным для Эўропы і Амэрыкі. На жаль, на Захадзе шмат хто не разумее, што калі будзе дапушчаная памылка, то ваяваць прыдзецца не зь дзяржавамі на Ўсходзе, а зь людзьмі.

Ніякая эканамічная магутнасьць, ніякая супэртэхніка і ніякія спосабы яе ўжываньня ня могуць перамагчы перакананага чалавека. Нават ядзерныя ўзрывы не прынясуць Захаду перамогі, калі будуць парушаныя справядлівасьць, суверэнітэт і гонар людзей на Ўсходзе. Злачынства тэрарызму, перш чым будзе пакаранае, мусіць быць дакладна ідэнтыфікаванае і даказанае.

Захад ня выйграў ніводнай вайны зь “беднымі народамі" на Ўсходзе (Карэя, Індакітай, В'етнам, Індыя, Алжыр, Конга і г.д.), але, на жаль, не зрабіў з гэтага высноваў. Пасьпешнае, недакладна акрэсьленае і прыблізна вызначанае ўжываньне высокатэхнічнай зброі можа маральна салідарызаваць Усход. Вайна “беднага Ўсходу" супраць ЗША (якая, дарэчы, вядзецца ўжо даўно малымі, нябачнымі сіламі) можа ператварыцца ў сусьветную партызанскую вайну Давіда з Галіяфам, якая будзе тлець дзесяцігоддзямі, ператворыць у кашмар жыцьцё ў Эўропе і ў Амэрыцы, і можа скончыцца вядомым па антычнай легендзе канцом.

Амэрыцы варта задумацца глыбей, у чым прычына нянавісьці да яе з боку краінаў, бедных эканомікай і жыцьцёвым узроўнем, але багатых гісторыяй і духоўнай культурай. Амэрыканскае грамадзтва шмат выйграла б, калі б глянула ў глыбіню сябе, калі б зірнула на сябе збоку і знутры, заўважыла б свае маральныя эрозіі і недахопы.

На добры лад, перад абліччам вялікага і зьнешне таемнага, малазразумелага канфлікту Ўсходу з Амэрыкай, ня варта супакойваць сябе тлумачэньнямі пра неабходнасьць помсты антылюдзкаму арабскаму тэрарызму. Разумней было б амэрыканцам задаць сабе пытаньне: чаму, маўляў яны, на Ўсходзе, нас, амэрыканцаў, ненавідзяць? Чым мы ім не падабаемся? Што яны хочуць сцьвердзіць, чаго дасягнуць? Мудра было б увогуле зразумець усходнюю мэнтальнасьць людзей Азіі і паўночнай Афрыкі. Тых, каго называюць “тэрарыстамі" — гэта не піраты. Яны гінуць не дзеля матэрыяльных каштоўнасьцяў. Гэта таксама ня ёсьць вар'яты, а цалкам нармальныя і сацыяльна адаптаваныя людзі. Але яны іншыя. Дык якія ж яны?

На жаль, рэчаіснасьць сьведчыць, што зрабіць паварот у сваёй сьвядомасьці простаму амэрыканцу вельмі цяжка. Ён перакананы, што яго краіна найлепшая, што сам ён таксама найлепшы, і не цікавіцца іншымі. I, што самае горшае, — ня хоча цікавіцца, ня хоча нічога ведаць. Абмежаванасьць ведаў пра сьвет у шэраговых людзей багатай і высокатэхнічнай Амэрыкі проста шакуе.

Зрэшты, на высокім узроўні амэрыканцы разумеюць свае праблемы. Толькі ці паўплывае гэта на выбар паводзінаў цяпер?

Ёсьць язвы ў амэрыканскім грамадзтве, экспарту якіх ня ўспрыме і не дапусьціць ні адзін народ на Усходзе (і ня толькі на Усходзе). Можа, ня ў сіле і не ў багацьці справа?

Канфліктныя дачыненьні цывілізацыяў ня выправіш бомбамі ды самалётамі, не палепшыш вайной.

Раптоўнае, нечаканае, на вачах ўсяго сьвету, хуткае і шокавае разбурэньне прымітыўнымі экстрэ-містамі найвышэйшых будынкаў у ЗША (сьведчаньняў багацьця фінансава моцнай Амэрыкі), — ўспрымаецца як жудасны сымвал. Можа, гэта знак для Амэрыкі? Можа, гэта заклік павярнуцца да каштоўнасьцяў духу? Можа, гэтая страшная ахвяра ў шмат тысячаў загубленых жыцьцяў мае нейкі таемны зьмест?

Ілюзія сілы, увасобленая ў ваеннай, фінансавай і таварнай матэрыі, можа рассыпацца ў пыл і груду руінаў.

Заклікі татальна зьнішчаць тэрарызм паўсюдна, ва ўсіх яго праяўленьнях, правільныя, на жаль, толькі тэарэтычна. На практыцы, у цяперашняй палітычнай рэальнасьці, гэта можа абярнуцца масавай несправядлівасьцю, парушэньнем правоў нацыянальных мяншыняў і генацыдам іхняга насельніцтва.

Схема такая. Нейкі дзяржаўны рэжым пачынае парушаць правы, а потым і рэпрэсаваць нейкую нацыянальную меншасьць ці групу людзей. Тыя, абараняючы жыцьцё і сваё існаваньне, пачынаюць змагацца ў адказ. Тады рэжым аб'яўляе іх тэрарыстамі і пачынае зьнішчаць, ужо зыходзячы і з сілы, і з права.

Выразны прыклад — тэрарыстычная Расея, якая ўжо некалькі гадоў вядзе шырокамаштабную вайну супраць мікраскапічнай Чачэніі і праводзіць генацыд чачэнскага насельніцтва (пры стрыманых, на жаль, і пасіўных паводзінах заходніх краінаў).

Чатыры гады таму, калі закончылася 1-я Расейска-Чачэнская вайна, быў падпісаны “Дагавор аб міры і прынцыпах мірных узаемаадносінаў". Яго падпісалі законныя, усенародна абраныя прэзыдэнты — Аслан Масхадаў і Барыс Ельцын, — дзе было заяўлена на ўвесь сьвет “аб спыненьні ваеннага супрацьстаяньня Расеі і Чачэніі, якое доўжылася цягам чатырох стагоддзяў".

Цяпер расейцы вядуць новую вайну супраць Чачэніі з ужываньнем усіх відаў зброі з расейскага боку (акрамя атамнай). Рускія накіравалі 150-тысячную армію супраць 5-тысячнай чачэнскай, разбамбавалі і ператварылі ў руіны паўмільённую чачэнскую сталіцу і іншыя гарады, забілі больш за 130 тысячаў мірных людзей у краіне, насельніцтва якой не дасягае і аднаго мільёна жыхароў; сотні тысячаў выгналі з Чачэніі ва ўцякацтва, тысячы замкнулі ў фільтрацыйныя лягеры, дзе катуюць і забіваюць мірных цывільных людзей. I ўсё гэта называюць “антытэрарыстычнай апэрацыяй". Бо расейцы разумеюць, што назваўшы ўсё сваім імем (вайну вайной, а генацыд — генацыдам), — трэба будзе выконваць (альбо парушаць) Жэнэўскую Канвэнцыю пра ваеннапалонных, Усеагульную Дэклярацыю аб правах чалавека і іншыя міжнародныя прынцыпы і пагадненьні. А так рускія дазволілі сабе збамбаваць і зьнішчыць цэлую суверэнную краіну, забіваюць малалікі свабадалюбны народ, і не жадаюць несьці за гэтае злачынства супраць чалавецтва ніякай адказнасьці.

Цяпер расейскія палітыкі вайны хочуць скарыстаць бандыцкі напад на Амэрыку ў сваіх інтарэсах, каб апраўдаць генацыд чачэнцаў Рускія палітыкі заяўляюць аб сваёй гатовасьці, разам з Амэрыкай, зьнішчаць тэрарызм “ісламскі, чачэнскі, ня важна, які". Некаторыя дагаварыліся нават, што напад на ЗША зроблены пры дапамозе і з удзелам чачэнцаў (Якія, акрамя як на сябе, спадзяюцца, між іншым, толькі на Амэрыку.) Але барацьба суверэннай Чачэніі за свабоду і незалежнасьць супраць рускай агрэсіі ня мае дачыненьня да тэрарызму. Тэрор праводзіць якраз руская армія і рускія спэцслужбы.

Кожны народ валодае натуральным правам на незалежнасьць і свабоду, мае права абараняць незалежнасьць і, калі яе няма, — змагацца за яе. Кожны народ, калі яго вынішчаюць, мае права абараняцца ўсімі даступнымі і магчымымі сродкамі.

Заклік “паўсюдна зьнішчаць" і “ва ўсім сьвеце", без усебаковага аналізу і ўліку палітычнай рэальнасьці, можа прывесьці да падмены паняцьцяў у рэальнай палітыцы, можа ня вырашыць праблему, а толькі ўскладніць яе, узаконіць забойствы і гвалт, легалізаваць рэпрэсіі, пашырыць маштабы тэрору.

На мой погляд, патрэбна дакладнае вызначэньне тэрарызму і выразнае называньне канкрэтных дзеяньняў, доказнасьць аргумантаў, завершанасьць сьледзтва, устанаўленьне віны. Мусіць быць зразумеласьць. Усход не павінен успрымаць ваяўнічыя заявы, як новы крыжовы паход.

Існуе небясьпека, калі Захад можа аказацца перад праблемай, што, каб перамагчы “тэрарызм", неабходна зьнішчыць цэлыя народы. Але трэба памятаць, што партызаны Усходу (як гэта ні жахліва) могуць ператварыць у руіны Жэнэву ці Брусэль, а заходнім арміям немагчыма зьнішчыць народ. (Гэта выглядала б злачынствам супраць чалавецтва.)

Вялікай небясьпекай для Амэрыкі і для Эўропы была б партызанская вайна з Усходам. Яе неабходна пазьбегнуць. Бо гэта заўсёды — вайна бяз правілаў, дзе сіла вымяраецца, з аднаго боку, авіяносцамі, ракетамі ды самалётамі сістэмы “Стэлс", з другога — сілай чалавечай апантанасьці. I, паўтаруся, яшчэ не было выпадку ў найноўшай гісторыі, каб самалёты перамагаі апантанага чалавека, які не баіцца сьмерці.

На маю думку, трэба заўсёды і найперш — старацца пра супрацоўніцтва і гуманную кансалідацыю сьвету, цаніць міжлюдзкія дачыненьні.

Тым часам складваецца ўражаньне, што ў паветры запахла вайной. Зьявілася шмат галасоў, якія толькі і гучаць: “Зьнішчыць!", “Забіць!" Але калі прааналізаваць усё спакойна, то прыходзіш да высновы, што ў трагічных выпадках 11 верасьня трэба найперш дакладна ўстанавіць арганізатараў, кіраўнікоў і спонсараў нападу (выканаўцы загінулі). I толькі тады прымаць захады і ажыцьцяўляць рашэньні. Лепш за ўсё, каб гэта быў паказальны судовы працэс з удзелам усіх зацікаўленых краінаў, а не ваеннае забойства, якое (можна не сумнявацца) пацягне за сабой новыя забойствы.

Я падтрымліваю Амэрыку, бо разумею, што на гэтую краіну абапіраецца цяперашні сьвет і цяперашняя Эўропа. Я падтрымліваю амэрыканскі народ, бо ведаю яго дабразычлівасьць. Бо крыўда і страты зроблены яму — несправядліва, і людзі загінулі, ні ў чым і ні перад кім не вінаватыя.

Але Амэрыка прымае цяпер вельмі адказныя рашэньні, якія могуць уплываць на далейшы ход гісторыі ХХІ-га стагоддзя. На мой погляд, у такім становішчы ніхто і нідзе на сьвеце не павінен заставацца абыякавым ці ацэньваць падзеі толькі на пачуцьцях. Патрэбна дыскусія і разумнае асэнсаваньне.

Зянон Пазьняк