КУРАПАТЫ
ЗМАГАНЬНЕ Ў КУРАПАТАХ
Курапаты — гэта сьвятыня беларускага народу, месца пакутніцтва, дзе расейска-камуністычныя акупанты зьнішчылі каля 250 тысячаў невінаватых людзей. Урочышча Курапаты пад Менскам — адно з многіх месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе забітыя і пахаваныя ахвяры расейскага тэрору 1917–41 гг. супраць нашага народу. Па маштабах злачынства і колькасьці ахвяраў Курапаты можна параўноўваць з Асьвенцымам і Бухэнвальдам.
Акупацыйныя камуністычныя ўлады Беларусі хавалі праўду аб трагедыі, не раз спрабавалі зьнішчыць магілы, праводзілі па магілах газаправоды, будавалі дарогу, вывозілі парэшткі ахвяраў. Афіцыйная прапаганда сьцьвярджала, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры часоў нямецка-фашыстоўскай акупацыі. Аднак у канцы 1980-х гадоў сп. Зянон Пазьняк, вядомы археёлаг і публіцыст, правёў першыя археялагічныя раскопкі ў Курапатах. Ягоныя адкрыцьці і паказаньні сьведкаў трагедыі — жыхароў навакольных вёсак-пацьвердзілі, што ў Курапатах пахаваныя беларусы, расстраляныя расейска-камуністычнай тайнай паліцыяй НКВД у 1937–41 гг. Да апошняга часу прапаганда антынароднага рэжыму Лукашэнкі абвяргала гэтыя факты, пацьверджаныя дзяржаўнымі камісіямі ў 1990-я гг. Пасьлядоўнікі тэрарыстычнага рэжыму баяцца праўды і адказнасьці за злачынствы супраць народа.
У 1988 г. у Курапаты прышлі дзесяткі тысячаў людзей, каб пакланіцца памяці ахвяраў. Менавіта з мэмарыяльных мітынгаў пачалася гісторыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (БНФ), які пад кіраўніцтвам сп. Зянона Пазьняка змагаўся за вызваленьне Беларусі ад расейскай акупацыі і дасягнуў незалежнасьці нашай краіны ў 1991 г. У гэтыя гады пачалося крыжаўзьдзвіжаньне, стварэньне ў Курапатах Народнага мэмарыялу. Цяпер Беларускі Народны Фронт бароніць Беларусь ад расейскай агрэсіі.
Новы акт курапацкай трагедыі распачаўся 20 верасьня 2001 г., у дзень фальшывай “інаўгурацыі” узурпатара Лукашэнкі, які сфальшаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і ягонай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ усталі перад бульдозэрамі і трактарамі і на працягу 6 тыдняў не пускалі тэхніку на тэрыторыю Курапатаў. Мы паставілі сотні крыжоў на магілах ахвяраў. 8 лістапада 2001 г., адразу пасьля сатанініскіх угодкаў бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г., рэжым кінуў на Курапаты тэхніку і аддзелы міліцыі і КГБ. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ з крыжамі ў руках баранілі сьвятыню. Дзесяткі людзей былі зьбітыя, параненыя, катаваныя і затрыманыя галаварэзамі антыбеларускага рэжыму. Рэжым зьнішчыў больш за 100 крыжоў. Суды выносілі несправядлівыя прысуды абаронцам Курапатаў. Але ўлады не здолелі застрашыць людзей. Стварэньне Народнага мэмарыялу працягваецца. Дарога, якую па загаду Лукашэнкі будуюць на магілах нашых продкаў, будзе зліквідаваная, калі падзе антынародны рэжым. Трэба адзначыць, што ў разбуральнікаў нашай сьвятыні ёсьць хаўрусьнікі. Яны назваліся “спэцыялістамі” ды “мастацтвазнаўцамі”, панастваралі камітэтаў і пачалі распрацоўваць “праекты мэмарыялізацыі” Курапат разам з антынароднай уладай ды арганізацыямі, якія дзейнічаюць пад дахам КГБ. Гэтыя “спэцыялісты” спачатку спрабавалі пратэставаць супраць крыжаўзьдзвіжаньня і стварэньня Народнага мэмарыялу, хацелі паставіць на тэрыторыі сьвятыні жалеза-бэтонны псэўдамэмарыял з чырвонай зоркай. Калі іхныя намаганьні праваліліся, яны пачалі зьбіраць грошы на “агароджу” і г.д.
Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, не зважаючы на правакатараў і дзеяньні незаконнага рэжыму, працягваюць крыжаўзьдзвіжаньне, ствараючы Народны мэмарыял ў Курапатах.