ГІСТОРЫЯ
ГІСТОРЫЯ ПАРТЫІ БНФ
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (Партыя БНФ) зьяўляецца палітычнай і юрыдычнай пераемніцай Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (БНФ), шырокага палітычнага руху, заснаванага ў кастрычніку 1988 г., і Партыі БНФ, заснаванай ў 1993 г. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” заснавалі беларускія інтэлектуалы Васіль Быкаў, Міхась Дубянецкі, Зянон Пазьняк і іншыя ў Менску. На Першым зьезьдзе БНФ у чэрвені 1989 г. быў абраны кіруючы ворган — Сойм БНФ і прынятая Праграма, у якой былі вызначаны галоўныя задачы руху: барацьба за незалежнасьць Беларусі, дэмакратызацыя ўлады, адраджэньне беларускай культуры і мовы. Зянон Пазьняк быў абраны Зьездам Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. З. Пазьняк (нар. 1944) — вядомы пісьменьнік, гісторык, археёлаг, які абараняў беларускую культуру і мову ў перыяд камуністычнай тыраніі і расейскай акупацыі. У 1980-х гг. ён правёў археялагічныя раскопкі ва ўрочышчы Курапаты каля Менску і даказаў, што расейская камуністычная НКВД забіла і пахавала толькі ў гэтым месцы больш як 250 тысячаў чалавек у 1929–41 гг. Курапаты сталіся сімвалам Пакутніцтва Беларускай нацыі ў XX стагоддзі.
Каля 10 тысячаў асобаў актыўна падтрымалі дзейнасьць БНФ ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — працавалі на грамадзкіх пачатках як актывісты, экспэрты, распаўсюджвалі інфармацыю. Каля 1 мільёну асобаў аддавалі свае галасы за кандыдатаў ад БНФ на выбарах. Невялікая парляманцкая апазыцыя БНФ (усяго 10% дэпутатаў) распрацавала шэраг законапраектаў і эфэктыўна бараніла сувэрэнітэт Беларусі. У жніўні 1991 г. дэпутаты ад БНФ пры масавай падтрымцы дэманстрантаў здолелі дамагчыся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Галоўная мэта БНФ была дасягнута. Але камуністычны ўрад і мясцовая адміністрацыя, якія дзейнічалі пад уплывам расейскіх спэцслужбаў, працягвалі зьдзяйсьняць антынацыянальную і антырэфармісцкую палітыку. У 1994 г. прэзыдэнтам Беларусі быў абраны стаўленік Расейскай імпэрыі А. Лукашэнка. Партыя БНФ (утвораная ў 1993 г. з мэтай ўдзелу ў выбарах) вяла змаганьне з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі ў абарону сувэрэнітэту Беларусі супраць расейскай акупацыйнай палітыкі. Зянон Пазьняк быў Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ. У 1996 г. Лукашэнка падпісаў першую саюзную дамову з Расеяй. Расейскія агрэсары паспрабавалі акупаваць Беларусь і ліквідаваць Беларускую дзяржаву. БНФ арганізаваў дэманстрацыі пратэсту. Беларусы ўсталі на абарону незалежнасьці, змагаючыся з паліцыяй і спэцслужбамі на вуліцах Менску. Маскоўскі праект імгненнай акупацыі Беларусі праваліўся. Але ў лістападзе 1996 г. Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет, незаконна зьмяніў Канстытуцыю і ўтварыў незаконную сістэму дзяржаўнай ўлады. БНФ і Партыя БНФ былі адзінымі палітычнымі сіламі, якія ў той час аказалі супраціў дзяржаўнаму перавароту Лукашэнкі, а цяпер яны дзейнічаюць як арганізацыі Беларускага Вызвольнага Руху ва ўмовах дыктатуры і расейскай экспаньсіі.
У верасьні 1999 г. 4-ты зьезд Партыі БНФ прыняў новую (удакладненую) назву — Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (скарочаная назва — Партыя БНФ). Зянон Пазьняк быў зноў абраны Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Партыя БНФ грунтуецца на ідэалёгіі Беларускага Адраджэньня і народна-кансэрватыўных каштоўнасьцях беларускай палітычнай культуры. Партыя БНФ ажыцьцяўляе сваю палітычную праграму шляхам прапаганды ідэй і ўдзелу ў фармаваньні канстытуцыйных ворганаў дзяржаўнай ўлады Беларусі. Галоўная мэта Партыі БНФ — усталяваньне дэмакратычнага грамадзтва і пабудова моцнай Беларускай дзяржавы. Партыя БНФ выступае за культурна-нацыянальнае адраджэньне Беларускай нацыі, за разьвіцьцё беларускай культуры ды культуры ўсіх нацыянальных супольнасьцяў Беларусі. Партыя БНФ мае больш як 3500 сяброў (членаў) ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Інфармацыйная Камісія КХП — БНФ