ПРАГРАМЫ
ПРАГРАМА КАНСЕРВАТЫЎНА-ХРЫСЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ (ПАРТЫІ БНФ)
I.
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ (Партыя БНФ) ёсць удакладненая назва Партыі Беларускага Народнага Фронту, якая прынята на яе чарговым VI-ым Зьездзе 26.09.1999 года. Вытокі палітычнай дзейнасці Партыі БНФ пачынаюцца ад 19 кастрычніка 1988 году — часу ўтварэння Арганізацыйнага Камітэту Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Партыя БНФ прызнае за сабою ўсю гісторыю Беларускага Народнага Фронту і бярэ на сябе адказнасць за ўсю ягоную палітыку, усю дзейнасць і дакументы ад пачатку існавання БНФ. У выпадку спынення дзейнасці БНФ з'яўляецца ягонай пераемніцай.
Партыя БНФ засяроджвае сваю дзейнасць пераважна на ідэйна-палітычных пытаннях і задачах, якія выкладзеныя ў гэтай Праграме.
Парушэнне прававых прынцыпаў дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь вымагае абароны канстытуцыйнай законнасці і ўсталявання справядлівасці, умацавання суверэнітэту краіны, абуджэння жыццёвых сілаў нацыянальнай культуры і эканомікі.
II. ГАЛОЎНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ
2.1. Беларускі народ
Галоўнай каштоўнасцю нацыі, галоўным суб'ектам і аб'ектам палітычнай дзейнасці ёсць народ. Народ — гэта мы ўсе, што жывём у Беларусі, паважаем яе мову, культуру, дзяржаву, законы, традыцыі і зямлю. Беларускі народ трэба шанаваць, бараніць і дапамагаць кожнаму беларусу, незалежна ад яго ўзроўню сведамасці, адукацыі, сацыяльнага становішча, ідэалогіі, веры і палітычных поглядаў. Беларускі народ адзіны. Мы не дзелім яго на бедных і багатых, правых і левых, добрых і дрэнных, адукаваных і неадукаваных ды інш. Беларускі народ непадзельны, беларускі народ быў, ёсць і будзе.
Мы можам абаперціся толькі на сябе, на свой народ. Таму мы павінны дбаць пра выяўленне і развіццё найлепшых ягоных рысаў, традыцыяў і духоўных каштоўнасцяў. Лепшага мусіць быць болей. Лепшым павінна быць усё.
2.2. Беларуская мова
Беларуская нацыя існуе, пакуль ёсць беларуская мова. Мова ёсць галоўны вынік і сродак культуры. “Напачатку было слова”. Трэба памятаць, што “канец” ёсць знішчэнне “пачатку”. Беларуская мова — гэта найвялікшы духоўны скарб, які, як і зямля, належыць не толькі нам, але і будучым пакаленням. Яны не могуць яе страціць, бо, страціўшы мову, згубілі б сваю гісторыю, а значыць, і перспектыву.
Мова трымае нас разам, дапамагае адраджаць і развіваць культуру, цэментуе дзяржаву. Мова ёсць наша духоўнае выяўленне, матэрыялізаваная душа народа, галоўны чыннік нацыі.
Партыя БНФ хоча забяспечыць рэальную дзяржаўную апеку беларускай мовы, скіраваную на яе хуткае адраджэнне і развіццё як асноўнага сродку грамадскага існавання (у сферы культуры, камунікацыі, сувязі, адукацыі).
2.3. Беларуская зямля
Наша зямля, наша нацыянальная тэрыторыя ад пачатку існавання на ёй людзей ёсць наша зямля. На ёй мы, беларусы, і нашы продкі жылі спрадвеку. На ёй мы стварылі нашу гісторыю, культуру і дзяржаву. Наша зямля ёсць часткай нас саміх, нашага гістарычнага, культурнага і нацыянальнага існавання. Нічога няма даражэйшага за нашу беларускую зямлю. Наша зямля непадзельная, недатыкальная, святая.
Аніхто — ніякі чалавек, ніякая група людзей, ніякі дзяржаўны орган, ніякая краіна, ні беларуская дзяржава, ні беларускі народ — не можа распараджацца лёсам беларускай зямлі, бо яна належыць не толькі нам, не толькі тым, хто жыве цяпер, але і будучым пакаленням беларусаў датуль, пакуль будзе наш род у Сусвеце.
Наша зямля ёсць наш вечны дом, вечная спадчына, якая сягае за межы часу — непадзельны маярат, асвечаны найвышэйшым гістарычным правам і найвышэйшым абавязкам, неад'емная каштоўнасць беларускай нацыі. Нашу беларускую зямлю трэба любіць, берагчы, шанаваць, абараняць ад страты і спусташэння, умець змагацца за яе.
2.4. Беларускія сімвалы
Сімвалы, у якіх адлюстраваная наша беларуская нацыя і дзяржава, ёсць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Гэта дзяржаўныя сімвалы. Адносіны да сімвалаў гавораць пра шанаванне каштоўнасцяў, якія яны сімвалізуюць. Партыя БНФ лічыць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня святымі сімваламі Беларусі і ставіць задачу вярнуць іх на дзяржаўны пасад беларускай дзяржавы.
2.5. “Адраджэньне”
“Адраджэньне” ёсць ідэалогія беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які змагаецца супраць расейскага імперыялізму і каланіялізму (а гістарычна змагаўся супраць польскай антыбеларускай асімілятарскай палітыкі ў 1921–1939 г.г.), маючы на мэце нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускай нацыі і стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы.
Ідэалогія беларускага “Адраджэньня” была сфармуляваная ў пачатку XX-га стагоддзя дзеячамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Але нацыянальнае развіццё народа было затрымана 73-гадовай бальшавіцка-расейскай акупацыяй; з гэтай прычыны сёння беларускае грамадства вымушанае адначасна вырашаць праблемы посткамуністычнага, постсавецкага кшталту (пытанні ўлады, дзяржаўнасці, суверэнітэту, дэмакратыі, эканамічных рэформаў) і праблемы посткаланіяльныя (пытанні нацыянальнай сведамасці, дзяржаўнасці беларускай мовы, усталявання беларускай школы, адраджэння гістарычнай памяці, развіцця беларускай культуры ды інш.)
Ідэалогія “Беларускага Адраджэньня” ахоплівае і адлюстроўвае ўсе нацыянальна-вызвольныя, дзяржаватворныя дэмакратычныя праблемы, з'яўляецца гістарычным грунтам і тэарэтычнай асновай палітычнай дзейнасці Партыі БНФ.
2.6. Рэлігія і нацыя
Нічога лепшага за нацыю і рэлігію дзеля рэалізацыі сваіх жыццёвых інтарэсаў і духоўных патрэбаў людзі не стварылі. Нацыя і рэлігія ёсць найвышэйшая на цяперашні час сумарная творчасць чалавечага грамадства (цывілізацыі).
Мэтанакіраванае разбурэнне рэлігіі і нацыі, як гэта рабіла таталітарная ўлада расейска-савецкага камунізму, ёсць антычалавечым, антыцывілізацыйным дзеяннем.
Беларусь — краіна хрысціянскай веры і хрысціянскай культуры. Хрысціянскія каштоўнасці сталі часткай нашага нацыянальнага светапогляду і нацыянальнага характару, уплывалі на традыцыі беларускай культуры.
Цяпер мы ёсць шматканфесійны хрысціянскі народ. Але дзяржаватворчай асновай на Беларусі з'яўляецца нацыя, а не канфесія. Таму беларуская гісторыя, зямля, культура і мова ёсць грунт нашага беларускага адзінства, а канфесійная талерантнасць ёсць неабходнасць, якая з гэтага нашага нацыянальнага адзінства вынікае.
Партыя БНФ трымаецца ўсталяванага парадку грамадскіх дачыненняў, заснаваных на беларускім нацыянальна-культурным адзінстве і канфесійнай талеранцыі. Мы аднолькава прыхільна адносімся да ўсіх традыцыйных хрысціянскіх канфесіяў, калі яны не займаюцца антыбеларускай дзейнасцю.
Канфесійныя арганізацыі не ёсць часткай дзяржаўнай сістэмы. Разам з тым яны падлягаюць юрысдыкцыі ўсёй сістэмы заканадаўства Беларусі.
Мы не лічым нармальным, калі беларускія грамадзяне-вернікі, аб'яднаныя ў канфесіі на Беларусі, фармальна належаць да арганізацыяў чужых краінаў і кіруюцца з-за дзяржаўнай мяжы. Гэта перажыткі каланіялізму і акупацыяў. Мы будзем спрыяць беларускай аўтакефальнасці цэркваў і стварэнню духоўных цэнтраў веры ў Беларусі.
Мы стаім на пазіцыі свабоды сумлення і індывідуальнага выбару веры, паважаем правы асобы і цярпіма адносімся да людзей, якія жывуць па-за рэлігіяй.
2.7. Беларускія культурныя традыцыі
Культура беларускага народу і традыцыі беларускай культуры ёсць тыя каштоўнасці, на якіх неабходна ствараць падмурак грамадзянскай супольнасці вольнай дэмакратычнай Беларусі.
Пабытоваму грамадскаму жыццю нашых продкаў быў уласцівы глыбокі дэмакратызм. Наша Бацькаўшчына ніколі не мела дэспатычных рэжымаў. З XV-га стагоддзя найвышэйшым органам улады быў прадстаўнічы Сойм. У той самы час беларускія гарады пачалі кіравацца Магдэбурскім Правам, а з XVI-га стагоддзя выбраныя органы ажыццяўлялі мясцовую ўладу. Нормай нашага права быў кансэнсус — юрыдычны ідэал, які і сёння недасяжны для шмат якіх дэмакратыяў свету.
Дасягненні беларускага права ў XVI-м стагоддзі, адлюстраваныя ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, адбіліся на ўсёй праўнай ментальнасці беларускай нацыі; яны мелі міжнароднае значэнне, фармавалі не толькі юрыдычную сведамасць нашых продкаў, але ўплывалі на юрыдычную думку іншых народаў.
Дзвесце гадоў расейскай акупацыі выклікалі велізарныя разбурэнні і страты беларускай культуры. Беларускі народ перажыў жахлівы генацыд і бязлітасную палітыку дэнацыяналізацыі, але не страціў свае галоўныя каштоўнасці культуры і духоўныя традыцыі існавання. Гэта — той скарб, на якім можна адрадзіць, адбудаваць наш беларускі дом.
2.8. Маральныя асновы нашай палітыкі
Мы — за дэмакратычны лад. Мы адхіляем крайнія палітычныя кірункі і аддаём перавагу цэнтрысцкім плыням, што імкнуцца адлюстроўваць не прыватныя інтарэсы асобных станаў і групаў у грамадстве, а вызнаюць за найвышэйшую сацыяльную каштоўнасць палітычнае, эканамічнае, культурнае і маральнае здароўе грамадства ў цэлым. Яны разглядаюць грамадства як адзіны арганізм, дзе кожная група выконвае сваю непаўторную ролю, а таму заслугоўвае, каб яе інтарэсы ўлічваліся і абараняліся дзяржаваю. У грамадстве павінны гарманічна спалучацца інтарэсы асобы ды інтарэсы супольнасці.
Дэмакратычная палітычная сістэма грунтуецца на дзейнасці разнастайных грамадскіх аб'яднанняў, існаванне якіх адпавядае звычайнаму чалавечаму інстынкту сацыяльнасці. Разнастайнасць формаў і мэтаў, да якіх імкнуцца аб'яднанні, адпавядае плюралістычнай канцэпцыі, прызнае іншадумства і права іншадумцаў быць пачутымі.
Разам з тым вызнаецца за непрыймальную дзейнасць у грамадстве разбуральных, антычалавечых арганізацыяў, сектаў і групаў, скіраваных супраць натуральнага чалавечага існавання, нармальнай прыроды чалавека і выпрацаваных нормаў агульпрынятай маралі. Разбурэнне культуры, распаўсюджванне ідэалогіі гвалту, знявагі чалавечага духу і цела, здзеку з жыцця, прапаганда існавання, заснаванага на фобіях, комплексах, дэструктыўных поглядах і нянавісці павінна разглядацца як антычалавечая дзейнасць і карацца законам. Аднак галоўную ўвагу мы звяртаем на стварэнне ў грамадстве ідэалаў і каштоўнасцяў, заснаваных на традыцыях хрысціянства, на станоўчым чалавечым вопыце і беларускай культуры.
У палітычным плане плюралістычная канцэпцыя рэалізуецца праз шматпартыйную сістэму. Яна ў тым ліку можа дапускаць існаванне партыяў, якія не з'яўляюцца дэмакратычнымі. Аднак дзяржава прымае захады дзеля таго, каб ліквідаваць магчымасць выкарыстання ў барацьбе за палітычную ўладу метадаў падману і прымусу. Палітычны механізм павінен дапускаць магчымасць зваротнай сувязі — пастаяннага дыялогу з апазіцыяй і непалітычнымі грамадскімі аб'яднаннямі.
Найважнейшым вынікам развіцця сучаснай дэмакратыі з'яўляецца ідэя пра падпарадкаванасць палітычнай дзейнасці этычным нормам. Партыя БНФ не прызнае палітыкі без маралі. Прынцып маральнасці палітыкі адпавядае беларускай культурнай традыцыі.
З заснаванага на маральнасці хрысціянскага светапогляду вынікаюць і такія каардынальныя палітычныя прынцыпы, як годнасць чалавечай асобы, вяршэнства агульнага дабра і здольнасць грамадзянскай супольнасці да самаўдасканалення.
2.9. Свабода, межы свабоды, годнасць чалавека
Свабода — асноўнае паняцце дэмакратычнага грамадства. Чалавек — свабодны, бо мае свабодную волю. Гэта значыць, што чалавек мае выбар паміж дабром і злом. Чалавек абмяжоўвае сваю бескантрольную, стыхійную прыродную свабоду, ствараючы новую чалавечую рэальнасць — культуру, якая рэалізуецца ў сацыяльным грамадстве. Але як разумная, культурная і маральная істота чалавек разумее, што свабода іншых абумоўлівае і адначасна абмяжоўвае яго асабістую свабоду. Таму свабода ў грамадстве ўключае ў сябе як правы, так і абавязкі.
Дзяржава павінна праз сістэму права забяспечыць грамадзяніну неабходную сферу свабоды. Адной з задачаў палітычнай дзейнасці з'яўляецца стварэнне палітычных і матэрыяльных умоваў для свабоды.
У кожнага чалавека павінны быць роўныя магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцяў. Гэта азначае стварэнне роўнага права на працу, прыватную ініцыятыву і творчасць, а таксама роўных умоваў для атрымання адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі.
Сферу асабістай свабоды павышае прыватная ўласнасць. Дзяржава павінна спрыяць павелічэнню колькасці ўласнікаў у грамадстве.
Усталяванне свабоды патрабуе здзяйснення прынцыпу падмяняльнасці (субсыдыярнасці). Дзяржава не павінна браць на сябе тое, што па сіле адной асобе ці малой супольнасці. Так развіваецца ініцыятыва і падвышаецца адказнасць грамадзянаў за свае ўчынкі.
Свабода рэалізуецца праз калектыўную і індывідуальную адказнасць у практычным жыцці. Грамадзянін, пакліканы ўсвядоміць і практыкаваць прынцыпы свабоды і ў прыватнай, і ў грамадскай, і ў дзяржаўнай сферы, у сям'і і працоўных дачыненнях, не мусіць задавальняцца роляю ўтрыманца ці звычайнага атрымальніка дзяржаўных ільготаў; ён павінен прымаць на сябе ўласную долю адказнасці, каб не стаць ізноў ахвяраю таталітарнае сістэмы.
Свабода не можа дапускаць распаношанасці чалавечых заганаў (да чаго прывёў ідэалагічны рэлятывізм заходняга лібералізму). Свабода — гэта стварэнне ўмоваў для нармальнага існавання. Свабода не павінна стацца прыладаю для разбурэння, разбэшчвання і распаду грамадства. Свабода — ёсць норма ў Сусвеце, якая праз абмежаванне ненармальнага, прадугледжвае росквіт стваральнай чалавечай дзейнасці.
Свабода, асэнсаваная як норма (гэтак жа, як і культура), стварае новую рэальнасць сацыяльнага існавання чалавека — дэмакратычнае грамадства.
Прынцып свабоды як нормы спрыяе развіццю чалавечай асобы, годнасці чалавека, сям'і і грамадства. Валоданне свабодай патрабуе ад чалавека гатоўнасці абараняць яе ад пагрозаў звонку і ўнутры. Свабодныя грамадзяне не могуць капітуляваць перад ворагамі і разбуральнікамі свабоды. Партыя БНФ прытрымліваецца прынцыпу абароназдольнай дэмакратыі, угрунтаванай на волі грамадзянаў, моцы дзяржавы і нормах права.
2.10. Вяршэнства агульнага дабра
Толькі ў межах грамадства праз узаемадзеянне з іншымі людзьмі чалавек можа рэалізаваць свае магчымасці і забяспечыць свае правы. Таму каштоўнасці грамадства для палітычнай ідэалогіі Партыі БНФ роўнавартасныя з правамі і годнасцю чалавека. Асабліва важная ідэя вяршэнства агульнага, ці грамадскага дабра, забеспячэнне чаго ёсць клопатам дзяржавы і кожнага чалавека.
Стымулам для грамадскага прагрэсу з'яўляецца не толькі імкненне чалавека палепшыць матэрыяльныя ўмовы свайго існавання, але і патрэба духоўнага ўдасканалення.
Паняцце агульнага дабра шчыльна знітаванае з ідэямі сацыяльнай справядлівасці і салідарнасці.
2.11. Справядлівасць
Аснова сацыяльнай справядлівасці — гэта прызнанне роўнасці ўсіх людзей, павага іхняе годнасці і свабоды, незалежна ад меры ўлады, якою валодае асоба, а таксама ад яе здольнасцяў ці недахопаў.
Справядлівасць азначае роўныя правы для ўсіх, у тым ліку для тых, каму патрабуецца дапамога. Яна дае кожнаму роўны шанец для свабоднага самараскрыцця, для прыняцця адказнасці за сябе і за іншых.
Справядлівасць патрабуе ад дзяржавы захадаў на выроўніванне магчымасцяў для тых, хто без адпаведнай дапамогі апынуўся б у становішчы безнадзейнасці. Дапамога павінна быць накіраваная найперш тым, хто абмежаваны ў самадапамозе. Да такіх адносяцца пенсіянеры, інваліды і пэўныя катэгорыі грамадзянаў, не занятыя ў вытворчым працэсе. Грамадства не можа адштурхоўваць нямоглых. Важна, каб кожнаму, нават калі ён сам вінаваты ў сваіх бедах, даваўся шанец для самарэалізацыі.
2.12. Салідарнасць
У дачыненнях паміж асобай і грамадствам імкненне падтрымаць блізкага выяўляецца праз салідарнасць. Салідарнасць звязвае людзей паміж сабою і ўтварае аснову культурнай супольнасці. Грамадзянская супольнасць выступае ў падтрымку асобы, якой неабходная дапамога. У тым праяўляецца права індывідуума на салідарнасць. Але асоба выступае таксама за грамадства ў цэлым, праз што праяўляецца яе салідарная адказнасць.
На прынцыпе салідарнасці павінна грунтавацца ўся сістэма сацыяльнага забеспячэння. Сістэма сацыяльнай падтрымкі — не ананімная каса, з якой можна без канца чэрпаць. Яна павінна забяспечыць права на сацыяльную абарону, але кожны сваёй працаю спрыяе таму, каб супольнасць магла клапаціцца пра кожнага паасобку.
Партыя БНФ заяўляе пра сваю адданасць ідэі ўзаемнай адказнасці асобы і грамадства.
2.13. Беларуская нацыянальная ідэя
Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя адраджэння беларускай культуры, беларускай гаспадаркі і стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.
Нацыянальная ідэя ў Беларусі, як і ў іншых народаў Еўропы, узнікла ў XIX стагоддзі ў перыяд крызісу імперыяў. Беларуская ідэя палітычна рэалізавалася 25 сакавіка 1918 года шляхам аб'яўлення незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак наступствы акупацыі і падзелаў тэрыторыі БНР паміж акупантамі прыпынілі аж да канца XX стагоддзя практычнае ажыццяўленне нацыянальнай ідэі.
Нацыянальная супольнасць ёсць натуральным вынікам сацыяльнай прыроды чалавека. Яна валодае вечнымі правамі, рэалізацыя якіх залежыць не ад назапашанага ёю палітычнага, эканамічнага ці ваеннага патэнцыялу, а выключна ад яе ўласнае волі. Правы нацыі і правы асобы на самараскрыццё роўнавялікія. Гэты праўны парытэт не стварае і не можа стварыць невырашальных канфліктаў, калі кіравацца безумоўнай роўнасцю грамадзянскіх правоў асобы любой нацыянальнасці і праз права нацыянальна-культурнай аўтаноміі задавальняць духоўныя патрэбы нацыянальнай меншасці. Разам з тым, прынцып нацыянальнага суверэнітэту дыктуе неабходнасць дзяржаўнага кантролю за асноўнымі галінамі эканомікі ды сістэмай адукацыі, што дазволіць запабегчы аднабаковасці і абмежаванасці, атрыманымі ў спадчыну ад каланіяльнае мінуўшчыны.
2.14. Незалежная дзяржава
Партыя БНФ, грунтуючыся на нацыянальнай ідэі, сцвярджае і падтрымлівае будаўніцтва незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы, дзе павінна быць беларуская ўлада, беларуская адміністрацыя і беларуская культура.
Партыя БНФ сыходзіць з таго, што правы асобы і правы народу ўтвараюць непарыўнае адзінства, якое ёсць падмуркам сапраўднай дэмакратыі.
Нацыянальная дзяржава абараняе і падтрымлівае грамадзянскую супольнасць, паяднаную культурнай спадчынай. Асоба, яе свабода, дэмакратычнае грамадства рэалізуюцца толькі ў незалежнай дзяржаве. Уласная дзяржава як форма самарэалізацыі грамадства і як спосаб самазахавання нацыі — найвялікшая каштоўнасць беларускага народу, сведчанне яго таленту, жыццяздольнасці, перспектывы. Абарона і ўмацаванне незалежнай беларускай дзяржавы — мэта, задача і спосаб існавання Партыі Беларускага Народнага Фронту.
Партыя БНФ выступае за ўмацаванне дзяржаўных інстытутаў, якія бароняць незалежнасць краіны. Замахі на незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць беларускай дзяржавы павінны няўхільна пераследавацца.
III. АСОБА
3.1. Сям'я
Абарона і падтрымка сям'і — найважнейшая мэта праўнай дзейнасці дзяржавы.
Аснова нашай палітыкі ў гэтай галіне — падтрымка трываласці шлюбу, які прызнае роўнасць і ўзаемную адказнасць мужа і жонкі. Галоўная мэта шлюбу — выхаванне дзяцей, за якіх абодва бацькі нясуць роўную адказнасць.
Кожнае дзіця мае права на сваю сям'ю, на ўвагу, клопат і любоў сваіх бацькоў, бо найперш у сямейных умовах адбываецца фармаванне моўнага дару, разумовых здольнасцяў, індывідуальнай непадобнасці, закладваецца сістэмы сацыяльна-псіхалагічных каштоўнасцяў, пачуццё адказнасці ды інш. Таму ў першыя гады жыцця свайго дзіцяці кожная маці павінна мець магчымасць устрымання ад працы па прафесіі. Яна мае таксама права цалкам прысвяціць сябе выхаванню дзяцей і павінна атрымліваць у сувязі з гэтым эканамічную, праўную і сацыяльную дапамогу. Выплата сродкаў на выхаванне дзяцей і вызначэнне памеру пенсіі з улікам гадоў, затрачаных на выхаванне, носіць абавязковы характар. Дзеля ўмацавання сям'і патрабуецца забарона дзейнасці, скіраванай на распальванне варожасці паміж дзецьмі і бацькамі. Нельга падважваць крыніцы даверу і парываць сувязь дзяцей з бацькоўскім домам.
Асаблівай дзяржаўнай падтрымкі заслугоўваюць шматдзетныя сем'і, а таксама тыя, што бяруць на сябе адказнасць за догляд старых і нямоглых родзічаў.
Партыя БНФ за стварэнне ўмоваў для пераадолення дэмаграфічнага крызісу, у тым ліку, за адпаведную горадабудаўнічую палітыку, за стварэнне неабходнай колькасці дзіцячых садкоў, школаў, шпіталяў, за рэгламентацыю працягласці працоўнага тыдня.
3.2. Мова, выхаванне і адукацыя, культура, навука
Партыя БНФ сыходзіць з таго, што суладнае жыццё чалавецтва магчымае толькі ў шматстайнасці народаў; таму перспектыва Беларусі залежыць ад кансалідацыі беларускага народу на ягоных спрадвечных нацыянальных, маральных, дэмакратычных каштоўнасцях. Партыя БНФ выступае:
* за дзяржаўную палітыку развіцця і аховы беларускае культуры і мовы праз адпаведныя законы ды эфектыўны кантроль за іх выкананнем, за прыярытэт беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці;
* за адхіленне спробаў асіміляцыі беларускага этнасу праз палітыку змяншэння адноснай колькасці карэннага этнасу Беларусі ды ўвядзенне “двухмоўя”, скіраванага на нядопуск беларускае мовы ў асноўныя сферы дзяржаўнага і грамадскага жыцця;
* за дзяржаўную і грамадскую падтрымку захавання нацыянальнай тоеснасці беларусаў за межамі нашай краіны, асабліва тых, хто жыве на этнічных беларускіх землях;
* за права кожнае нацыянальнае меншасці Беларусі на нацыянальна-культурную аўтаномію, на дзяржаўную дапамогу ў культурна-асветнай дзейнасці.
Як дзяржаўная, так і прыватная сістэма адукацыі павінны знаходзіцца пад пільным і добразычлівым грамадскім кантролем, асабліва цяпер, калі патрабуецца тэрміновая ды ўсебаковая рэформа ад садкоў да ВНУ. Мэта рэформы — стварэнне сучаснай нацыянальнай сістэмы адукацыі, дэідэалагізацыя, гуманізацыя, “гістарызацыя” выхавання.
У сучасным грамадстве адукаваны інтэлект ёсць галоўны рэсурс і галоўны сродак вытворчасці. Дзяржаўная адукацыя ў Беларусі павінна быць бясплатная. Грамадства не мусіць эканоміць на адукацыі. Адукацыя і навука павінны мець прыярытэт.
У нашай шматканфесійнай краіне школа не можа прымушаць моладзь вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо атэізм.
Народ не можа адрадзіцца, а незалежная дзяржава не можа захавацца і ўмацавацца без адраджэння гістарычнай памяці. Адной з найважнейшых мэтаў выхавання і адукацыі з'яўляецца фармаванне гістарычнай свядомасці.
Не можа быць поўнавартаснай адукацыі без пільнай увагі да эстэтычнага выхавання. Важнаю задачаю дзяржавы з'яўляецца вяртанне гістарычных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа, якія насуперак яго волі вывозіліся з Беларусі цягам не аднаго стагоддзя.
Ва ўмовах стварэння прыватных (поруч з дзяржаўнымі) навучальных установаў мы падтрымліваем упарадкаваны навучальны працэс. Бацькі і дзеці маюць права на тое, каб змест адукацыйных праграмаў вызначаўся сістэмаю каштоўнасцяў і нормаў Асноўнага Закону, а якасны ўзровень навучання адпавядаў агульнадзяржаўным патрабаванням.
Кожны вучань, незалежна ад здольнасцяў, павінен мець права бясплатнага агульнаадукацыйнага навучання (атрымаць сярэднюю адукацыю).
У дзяржаўнай сістэме адукацыі павінна быць забяспечана права бясплатнага атрымання вышэйшай адукацыі кожным здольным маладым хлопцам і дзяўчынаю, кожным чалавекам.
Дзяржава не можа дапусціць, каб народ страчваў інтэлектуальны патэнцыял. Таму павінна быць забяспечана дастатковая дзяржаўная падтрымка навуцы і вышэйшай школе. Неабходна прыняць адпаведныя заканадаўчыя акты дзеля стварэння спрыяльных умоваў працы таленавітым вучоным і абароны інтэлектуальнай маёмасці Беларусі.
3.3. Праца і адпачынак
Праца — гэта не толькі сродак забеспячэння жыццёвых патрэбаў, але і форма самасцверджання, выяўленне годнасці чалавека. Неабходна падтрымліваць высокі этычны статус добрасумленнай працы, характэрны для традыцыйнай беларускай культуры. Справядлівасць і гуманнасць патрабуюць, каб кожны меў магчымасць працаваць. Але пераход да сацыяльнай рынкавай гаспадаркі, заснаванай на свабоднай канкурэнцыі вытворцаў розных формаў уласнасці, не можа адбыцца без стварэння рынку працы, а значыць — без непазбежнага беспрацоўя. Важны абавязак дзяржавы — стварэнне шырокіх магчымасцяў перакваліфікацыі, адладжванне механізму перацякання працоўных рэсурсаў у новыя галіны вытворчасці, у тым ліку — у сельскую гаспадарку.
Мы будзем падтрымліваць рацыянальнае размеркаванне працоўнага часу, скарачэнне долі начных зменаў, зніжэнне недапушчальных працоўных нагрузак, што паспрыяе якаснаму росту прафесійнай кваліфікацыі, актывізацыі грамадскага жыцця, наладжванню сямейнага дабрабыту.
Партыя БНФ выступае за развіццё прафсаюзнага руху на дэмакратычнай і раўнапраўнай аснове, падтрымлівае ўтварэнне па ініцыятыве рабочых новых прафесійных саюзаў, а таксама барацьбу за абарону правоў работнікаў, за персаніфікацыю сацыяльнага страхавання і ажыццяўленне яго дзяржаўнымі органамі.
Мы выступаем за свабоду выбару прафесіі і месца працы. Мы будзем імкнуцца да таго, каб людзі былі забяспечаныя працаю на сваёй Бацькаўшчыне.
Праца можа быць вельмі цяжкая, калі чалавек не мае паўнавартаснага адпачынку. Адпачынак дапамагае чалавеку здзейсніць творчыя здольнасці, калі яны не могуць быць раскрытыя ў працоўнай сферы. Адпачынак неабходны чалавеку і для кантакту з прыродаю, і для выхавання дзяцей. Мы лічым, што павінна развівацца сістэма дамоў адпачынку і санаторыяў, спартыўных установаў, асяродкаў мастацтва і культуры.
3.4. Жыллё і горадабудаўніцтва
У будаўнічую індустрыю павінна быць накіраваная значная доля сродкаў, атрыманых ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, і ў першую чаргу — ад жылога фонду. Продаж жылля можа зрабіць будаўнічую індустрыю прыбытковаю. Таксама павінен быць захаваны і мадэрнізаваны дзяржаўны жыллёвы фонд, які неабходна скарыстоўваць для задавальнення патрэбаў тых, хто ўжо значны час стаіць у чэргах на жыллё, а таксама шматдзетных сем'яў і сем'яў з хворымі ды інвалідамі.
На тэрміновую мадэрнізацыю гарадской інфраструктуры, транспарту, энергацеплазабеспячэння павінны быць скіраваныя сродкі мясцовых (муніцыпальных) органаў улады.
Галоўны акцэнт палітыкі ў галіне жыллёвага будаўніцтва ў сельскай мясцовасці будзе звязаны з адраджэннем вёскі. Разам з тым, дзяржава павінна падтрымліваць стварэнне і будаўніцтва прыватных сялянскіх гаспадарак.
3.5. Медыцынскае абслугоўванне
Сусветны цывілізаваны вопыт паказвае, што права на медыцынскую дапамогу ёсць гуманістычным правам чалавека. Кожны чалавек у Беларусі мусіць мець гарантаваную магчымасць атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу і бясплатнае лячэнне. Павінна быць наладжаная пад строгім кантролем дзяржаўных навукова абгрунтаваных медыцынскіх стандартаў дыферэнцыяваная сістэма аховы здароўя: прафілактычная, бясплатная дзяржаўная, страхавая, прыватная практыка ды інш.
IV. ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД
Сапраўдная адбудова незалежнай беларускай дзяржавы з беларускай уладай і беларускай культурай магчыма толькі тады, калі будзе зменена старая наменклатурная і прарасейская каланіяльная адміністрацыя на новую беларускую. Гэта можа адбыцца шляхам перамены пазіцыяў адміністратараў і шляхам замены “кадраў”. Калі такія перамены адбудуцца (за што і выступае партыя БНФ), то галоўныя задачы, якія паўстануць перад любой беларускай уладай, — гэта адраджэнне беларускай культуры, дзяржаўнасці, беларускай мовы і ўладкаванне эканомікі. Праблемы ўзаемазвязаныя. Яны дасталіся нам у спадчыну ад каланіялізму і савецкага камунізму. Мы павінны будзем іх вырашаць.
4.1. Канстытуцыйныя прынцыпы
Дзяржава карыстаецца аўтарытэтам, калі яе свядома стварае народ, калі насельніцтва бачыць імкненне дзяржавы абараняць чалавечую годнасць, нацыянальныя інтарэсы і неад'емныя правы грамадзянаў, якія стварылі гэтую дзяржаву і забяспечваюць яе існаванне.
Мы падтрымліваем асноўныя канстытуцыйныя прынцыпы:
* Беларусь ёсць незалежная унітарная дзяржава;
* адзінай крыніцай улады ў Беларусі з'яўляецца народ, які ажыццяўляе ўладу праз мандат даверу пэўнай палітычнай групе, атрыманы ў выніку своечасовых свабодных выбараў на падставе роўнага простага выбарчага права;
* дэмакратычная сістэма ўлады забяспечвае актыўны ўдзел грамадзянаў у палітычным жыцці праз празрысты механізм размеркавання і кантролю ўлады;
* праўная дзяржава, улада на падставе закону, Закон — найвышэйшая каштоўнасць улады;
* сістэма прадстаўнічай улады, пагрунтаваная на выбарах, што дае пастаянную магчымасць змены ўраду;
* падзел галінаў улады на заканадаўчую, выканаўчую, судовую;
* незалежнасць судоў, легітымнасць структураў кіравання;
* дзяржава — гарант суверэнітэту, абаронца нацыянальных інтарэсаў, дэмакратыі, прыватнай уласнасці, асноўных правоў чалавека.
4.2. Структура ўлады, выбарчае права, адміністрацыйны падзел
Найвышэйшы прадстаўнічы орган улады — прафесійны парламент (Сойм). Колькасць дэпутатаў — 260 асобаў. Выбірацца павінны паводле змешанай мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы.
Мы лічым заўчасным і шкодным увядзенне моцнай прэзідэнцкай улады ў Беларусі, калі прэзідэнт фармуе ўрад і кіруе выканаўчай уладай. Гэта шлях да ўмацавання ўлады былой наменклатуры, шлях да дыктатуры каланіяльнай адміністрацыі, да аўтарытарызму.
Партыя БНФ выступае за парламенцкую рэспубліку. Мы не адмаўляем існаванне ў ёй пасады прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы (але не як кіраўніка выканаўчай улады). Пры такім падыходзе прэзідэнт можа выбірацца парламентам.
Мы выступаем за ўсебаковую праўную абарону эканамічных, палітычных і сацыяльных інтарэсаў людзей. Інструментам для такой абароны з'яўляецца незалежны суд. Начале судовай сістэмы павінен стаяць Вярхоўны Суд, у паўнамоцтвы якога ўваходзіць і права вяршэнства канстытуцыйных спрэчак. Суддзі Вярхоўнага Суда абіраюцца парламентам на тэрмін не меншы, чым 10 гадоў, каб змена палітычнай улады не прыводзіла да адпаведнай змены ўлады судовай.
Мы дапускаем магчымасць увядзення спецыяльнага Суду Прысяжных для пэўнага роду справаў (напрыклад, жорсткія забойствы, пазбаўленне бацькоўскіх правоў ды інш.).
Пракурор і адвакат павінны быць раўназначнымі бакамі ў судовым працэсе. Незалежнасць адваката пацвярджаецца законам.
Поруч са следчымі структурамі Міністэрства ўнутраных справаў і пракуратуры патрэбная дзяржаўная ўстанова незалежных органаў дазнання з выразным падзелам функцыяў і абавязкаў.
Мясцовае самакіраванне аддзелена ад дзяржаўнай улады. Яно кіруе муніцыпальнай уласнасцю, вызначае мясцовыя падаткі, ажыццяўляе ахову парадку, вырашае ўсе пытанні мясцовага значэння, якімі не займаюцца дзяржаўныя органы. Самакіраванне дзейнічае незалежна і самастойна. Партыя БНФ падтрымлівае непасрэднае волевыяўленне людзей у пытаннях мясцовага самакіравання.
Партыя БНФ выступае за спрашчэнне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны, за скасаванне абласцей як лішняга, бюракратычна-апаратнага звяна кіравання, за скарачэнне колькасці раёнаў шляхам іх узбуйнення і ператварэння ў паветы, за ўзбуйненне сельсаветаў і ператварэнне іх у воласці, за ўтварэнне старостваў.
Павінны быць вернутыя былыя беларускія гістарычныя назвы мясцовасцяў, рэчак, вёсак, мястэчак, гарадоў і паселішчаў, якія былі перайменаваныя савецкай каланіяльнай адміністрацыяй.
4.3. Дзяржава і грамадзянская супольнасць
Дэмакратыя прадугледжвае шматпартыйную палітычную сістэму. Палітычныя партыі выконваюць сваё прызначэнне ва ўмовах плюралістычнага грамадства, калі яны маюць магчымасць выказваць свае погляды, змагацца за грамадскую падтрымку і ствараць альтэрнатыву, пакідаючы народу ролю арбітра. Палітычныя партыі, што стаяць ля ўлады ці знаходзяцца ў апазіцыі, павінныя дзейнічаць у адпаведнасці з аб'яўленымі праграмамі, а гэта азначае — адпаведна з наказам сваіх выбаршчыкаў. Кантроль за дзейнасцю ўраду ажыццяўляе перадусім апазіцыя.
Апазіцыя павінна быць здольная да салідарнасці ў пытаннях абароны нацыянальнага суверэнітэту, нацыянальных інтарэсаў і дэмакратычнага ладу.
Грамадскія аб'яднанні самастойна вызначаюць свае задачы у межах канстытуцыйнага заканадаўства. Задача дэмакратычнай дзяржавы ў тым, каб забяспечыць сацыяльную адказнасць усіх грамадскіх сілаў.
Дзейснаю формаю грамадскіх аб'яднанняў з'яўляюцца зарэгістраваныя цэрквы і рэлігійныя супольніцтвы. Дзяржава мусіць падтрымліваць дзейнасць цэркваў, скіраваную на паляпшэнне сістэмы сацыяльнага забеспячэння, міласэрнасці, гуманізацыі ўмоваў утрымання вязняў.
У нас здаўна мірна і плённа ў грамадскай еднасці суіснуюць некалькі традыцыйных хрысціянскіх вызнанняў беларусаў, а таксама іудзейскае і мусульманскае вызнанні нацыянальных меншасцяў; значная частка народу Беларусі не належыць да пэўнай рэлігійнай канфесіі. Даўняя традыцыя суіснавання і верацярпімасці нашага народу дазваляюць Беларусі і надалей унікаць рэлігійных канфліктаў. Таму ўладам краіны недапушчальна аддаваць перавагу якой бы ні было канфесіі, спрыяць стварэнню “дзяржаўнай царквы”. Разам з тым натуральна, каб кожная з канфесіяў выяўляла лаяльнасць да беларускае дзяржавы і паважала закон. Незалежная дэмакратычная дзяржава не пацерпіць антыдзяржаўнай і антыбеларускай дзейнасці, інспіраванай звонку пад выглядам канфесійнай працы. Кожная з канфесіяў павінна не перашкаджаць, а спрыяць умацаванню беларускай дзяржаўнасці з усімі яе атрыбутамі, у тым ліку — з дзяржаўнаю моваю. Дзяржава ж павінна падтрымліваць тыя канфесіі, што ўсведамляюць за пастырскі абавязак служэнне беларускаму народу на ягонай беларускай мове.
Партыя БНФ роўна падтрымлівае ўсе традыцыйныя канфесіі Беларусі.
Павінна быць заканадаўча замацаванае пацверджанне вышэйшаю дзяржаўнаю ўладаю намінацыі духоўных асобаў на першыя духоўныя пасады ў краіне. Беларускія канфесіі павінны мець незалежнае кіраванне (аўтакефальнасць).
Партыя БНФ, кіруючыся прынцыпам справядлівасці, падтрымлівае вяртанне забраных камуністычным рэжымам святыняў тым канфесіям, якім яны першапачаткова належалі.
Свабоднаму грамадству адпавядае прынцып плюралізму сродкаў масавай інфармацыі. Заканадаўства аб свабодзе друку павінна гарантаваць журналістам і ўсім грамадзянам бесперашкодны доступ да інфармацыі і магчымасць выказаць свае погляды і перакананні.
Неабходна, каб перыядычныя выданні на пачатку дзейнасці мелі магчымасць скарыстаць з дзяржаўнай датацыі. Інфармацыйная палітыка Партыі БНФ будзе спрыяць узнікненню і развіццю незалежных беларускіх тэле-і-радыё кампаніяў, перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў.
Дзяржаўнае беларускае тэлебачанне і радыё будуць забяспечваць свабоду выказвання розных поглядаў. Будзе выпраўлена ненармальнае становішча, калі грамадзянам Беларусі фактычна манапольна навязваецца маскоўская тэлевізійная трактоўка падзеяў у свеце. Наша краіна далучыцца да сусветнай інфармацыйнай прасторы.
Партыя БНФ выступае за няўхільнае выкананне дзяржаўнымі і прыватнымі сродкамі інфармацыі канстытуцыйнага палажэння пра дзяржаўнасць беларускай мовы, дамагаецца заканадаўчае падтрымкі беларускамоўных выданняў. Дзяржаўна-нацыянальны прыярытэт для беларускамоўных сродкаў інфармацыі забяспечваецца падаткавай палітыкай.
Партыя БНФ супраць цэнзуры. Але яна выказваецца за комплекс вызначаных заканадаўствам мераў, якія б засцерагалі грамадзянаў, баранілі дзяцей і падлеткаў ад праяваў маральнай разбэшчанасці ў сродках масавай інфармацыі. Закон таксама павінен стаць заслонай на шляху антыдзяржаўнай, антыканстытуцыйнай прапаганды.
4.4. Права і парадак
Партыя БНФ выступае за парадак у грамадстве і разглядае яго як гарантыю магчымасці самарэалізацыі асобы законным шляхам.
Абарона правоў грамадзянаў і правоў уласнасці — найвялікшы абавязак дзяржавы. Калі не будзе спынены рост злачыннасці — пацерпяць наўдачу і эканамічныя пераўтварэнні, і нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва незалежнай Беларусі. Партыя БНФ выступае за моцную дзяржаву Беларусь.
Радыкальнай папраўкі сітуацыі са злачыннасцю не будзе, пакуль захоўваецца прамаскоўска-наменклатурны каланіяльны рэжым.
Рост злачыннасці ў значнай ступені выкліканы яе ўвозам з-за межаў краіны. Партыя БНФ выступае за ўвядзенне візавага рэжыму ўезду ў Беларусь.
Перамога права над бяспраўем магчымая тады, калі ўсё грамадства і кожная супольнасць будуць усведамляць як умову пабудовы цывілізаванага грамадства неабходнасць барацьбы са злачыннасцю. Партыя БНФ — за моцную, пагрунтаваную на моцным праве беларускую паліцыю.
Партыя БНФ выступае за арганізацыю муніцыпальнае паліцыі, поруч з дзяржаўнай паліцыяй, за стварэнне і дзяржаўную падтрымку дабраахвотных аддзелаў дапамогі паліцыі па месцы жыхарства.
Мы падтрымліваем стварэнне спецыяльных фондаў для забеспячэння дзейнасці органаў унутраных справаў, пракуратуры і судоў, службы бяспекі.
Мы ўхваляем намаганні сумленных працаўнікоў судоў і пракуратуры, якія адстойваюць права ў бяспраўнай краіне, выступаем за юрыдычную і фактычную незалежнасць судаўніцтва, пракуратуры, адвакатуры.
КДБ нясе цяжкую спадчыну таталітарнага і дыктатарскага рэжымаў. Партыя БНФ выступае за рэарганізацыю КДБ ў службу бяспекі, за яе незалежнасць ад ураду (падпарадкоўваецца парламенту).
V. САЦЫЯЛЬНАЯ РЫНКАВАЯ ГАСПАДАРКА
5.1. Прынцыпы вольнага сацыяльна-эканамічнага парадку
Партыя БНФ лічыць, што Беларусі, прымаючы пад увагу традыцыі працы, гаспадаркі і ментальнасці, найперш адпавядае мадэль сацыяльнае рынкавае эканомікі.
Гэта эканамічная сістэма супроцьстаіць сацыялістычнай эканоміцы. Прынцыпу цэнтралізаванага кіравання гаспадаркай яна проціпастаўляе кіраванне эканамічнымі працэсамі з дапамогаю рынкавых механізмаў. Гэта — рынкавая гаспадарка. Яна не выключае планавання, але планаванне ў ёй падзелена паміж многімі. Калі ў аснове сацыялістычнай эканомікі ляжыць прынцып прымусу, дык рынкавая эканоміка, наадварот, характарызуецца чыннікам свабоды.
Ва ўмовах рынкавай гаспадаркі дзеянні асобных эканамічных суб'ектаў вызначаюцца свабодай доступа да ўсіх відаў матэрыяльных, фінансавых і інфармацыйных рэсурсаў а таксама цэнамі на іх, якія дыктуе рынак.
Аднак механізм эканомікі дзейнічае у кірунку эфектыўнасці толькі ў тым выпадку, калі дзяржава гарантуе адпаведны праўны парадак. У гэтым сэнсе і рынкавая эканоміка не можа адмовіцца ад прымусу з боку дзяржавы. Але яна абмяжоўвае гэты прымус правілам: “умяшальніцтва адпавядае патрабаванням рынку”. Партыя БНФ за дзейны праўны парадак і эфектыўнае права на канкурэнцыю.
Сацыяльная рынкавая гаспадарка супроцьстаіць і канцэпцыі абсалютнага рынкавага лібералізму, які заснаваны на патрабаванні неабмежаванай свабоды канкурэнцыі і неўмяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку.
Але сёння добра вядома, што недахопы механізму неабмежаванай свабоднай канкурэнцыі вядуць перш за ўсё да пагрозы манаполіі. Па Беларусі добра відаць, да чаго вядзе захоп рынку асобаю ці групаю асобаў, што знаходзяцца ў змове. Такі эканамічны механізм не стымулюе вытворчасць, а вядзе да спекуляцыі, дэфіцыту, адкрытага рабавання спажыўца. Таму мы выступаем за збалансаваны падыход у вызначэнні ролі рынку і дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных працсаў.
Першачарговым клопатам дзяржавы з'яўляецца як абарона свабоды канкурэнцыі так і абмежаванне манаполій, нагляд за тым, каб нагрузкі на навакольнае асяроддзе кантраляваліся законам, каб своечасова адбываліся структурныя змены ў адпаведнасці з прагрэсам навукі і тэхналогіі, каб рынак працоўнай сілы не быў перагружаны беспрацоўнымі.
У гэтай сістэме эканамічная і сацыяльная палітыка шчыльна звязаныя. Памылковыя палітычныя рашэнні выклікаюць беспрацоўе, інфляцыю, стагнацыю, парушаюць сацыяльную згоду. Таму поспех сацыяльнай рынкавай гаспадаркі залежыць ад правільнага выканання прынцыпаў і дасканалага праўнага (заканадаўчага) забеспячэння.
5.2. Эканамічны лад
Галоўная мэта грамадства ў тым, каб дастасаваць прыватны інтарэс да патрабаванняў агульнага дабра, каб індывідуальны працоўны ўклад служыў агульным інтарэсам. Дзеля гэтага дзяржава вызначае мэты канкурэнцыі, гарантуе свабоду эканамічных пагадненняў, формаў уласнасці, вызначае праўныя межы гаспадарчай дзейнасці і праўную сутнасць працоўных дачыненняў.
“Упарадкаваная” канкурэнцыя належыць да значных культурных дасягненняў сучаснай цывілізацыі. Для заахвочвання эфектыўнага функцыянавання механізмаў канкурэнцыі важна ўдасканальваць заканадаўства, памятаючы пра пастаянную небяспеку ўсталявання манаполіі.
Палітыка падтрымкі канкурэнцыі і палітыка ў галіне ўласнасці дапаўняюць адна адну. Прыватная ўласнасць — падваліна сацыяльнай рынкавай эканомікі. У перспектыве яна мусіць стаць вядучай формай уласнасці. Але на бліжэйшы час поруч з прыватнай будзе захоўвацца дзяржаўная форма ўласнасці, прыватызацыя якой павінна даць сродкі для структурнай перабудовы эканомікі Беларусі і пазбаўлення яе ад штучна створанай залежнасці ў пастаўках сыравіны і энергарэсурсаў з адной краіны.
Прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці прывядзе да з'яўлення разнастайных формаў гаспадарання. Усе грамадзяне павінны мець доступ да розных формаў уласнасці.
Дачыненні ўласнасці, змена формаў уласнасці павінны рэгулявацца адпаведнымі законамі.
Новая падатковая сістэма, пагрунтаваная на новай бюджэтнай палітыцы павінна стымуляваць вытворчасць, рэгуляваць спажыванне, забяспечваць інвестыцыі, стварэнне недзяржаўнага сектару эканомікі.
Партыя БНФ за ўвядзенне ўласнай беларускай валюты (талера). Без гэтага кардынальнага кроку немагчыма спыніць інфляцыю, пераадолець спад вытворчасці, парваць каланіяльную эканамічную залежнасць, запабегчы разбурэнню эканомікі.
5.3. Пабудова эфектыўнай эканомікі
Партыя БНФ вызнае за мэту эканамічнага будаўніцтва стварэнне сучаснай эфектыўнай эканомікі.
Умовы і прынцыпы сучаснага эканамічнага будаўніцтва:
* наяўнасць абавязковых інстытутаў дзяржаўнасці (мяжа, мытня, уласная валюта, крэдытна-фінансавая палітыка, інстытуты бяспекі дзяржавы);
* прызнанне права прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і зямлю;
* усталяванне прынцыпаў недатыкальнасці ўласнасці і забеспячэнне гарантаванага права ўласнасці;
* забеспячэнне эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці, свабоды спажывання, стварэнне ўмоваў для канкурэнцыі і прыцягненне да адказнасці за нядобрасумленную канкурэнцыю;
* падзел функцыяў паміж уласнасцю і ўладаю у дачыненні да дзяржаўнай уласнасці;
* увядзенне ўсяго комплексу рынкавых дачыненняў, незалежна ад аб'ёму здзейсненай прыватызацыі;
* структурная перабудова эканомікі на аснове рынкавых падыходаў;
* стварэнне ўмоваў для замежных інвестыцыяў;
* валютная рэформа і замацаванне талера як адзінага платнага сродку ў краіне;
* крэдытна-фінансавая палітыка, накіраваная на зніжэнне інфляцыі, на ўстойлівасць талера і цэнаў (аснова для стабілізацыі працы прадпрыемстваў);
* новая бюджэтная і падатковая палітыка, заснаваная на падзеле бюджэтаў дзяржавы і мясцовага самакіравання, дзяржавы і прадпрыемстваў, на атрыманні падаткаў з уласнасці, на зніжэнні дзяржаўных выдаткаў, на прыняцці гарантаваных абавязкаў па ўнутранай дзяржаўнай пазыцы; адмова ад фінансавання з дзяржаўнага бюджэту прадпрымальніцка-камерцыйнай дзейнасці;
* сацыяльная палітыка падтрымкі неабароненых пластоў насельніцтва за кошт частковага пераразмеркавання даходаў праз падаткі;
* мытная абарона краёвай вытворчасці;
Першыя крокі рэформы:
1. Раздзяржаўленне прадпрыемстваў, дзеля чаго неабходна:
* удакладніць дачыненні ўласнасці, дыферэнцыраваць прадпрымальніцкі даход, даходы ўласніка і наёмнага працаўніка;
* ацаніць у цвёрдай валюце капітал прадпрыемстваў і стаўкі даходаў;
* заключыць дамовы паміж дзяржавай-уласнікам і групай прадпрымальнікаў, калектывам работнікаў (іхнім прафсаюзам);
* прадпрыемствам, незалежна ад формы ўласнасці, даць поўную самастойнасць у вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.
2. Уводзіцца прыватная ўласнасць на зямлю.
3. Рыхтуюцца і праводзяцца валютная і цэнавая структурныя рэформы.
4. З мэтаю дэманапалізацыі і наладжвання канкурэнцыі ствараюцца умовы для свабоднага доступу на таварна-сыравінныя, фінансавыя і інфармацыйныя сусветныя рынкі.
5. Рыхтуецца прыватызацыя, пры якой значная частка дзяржаўнай уласнасці перадаецца грамадзянам (на аснове дакладна рэгламентаванага закону) і ствараецца недзяржаўны сектар эканомікі.
Наступныя дзеянні будуць залежаць ад поспеху пачатковых дзеянняў. Крэдытна-фінансавая палітыка Нацыянальнага банку і рэзервовых установаў, а таксама ўраду, павінна скіроўвацца на стабілізацыю эканомікі.
Інтэграцыя Беларусі ў сусветную гаспадарку павінна адбывацца на падставе моцнай і вызначанай дзяржаўнай стратэгіі. Найбольш мэтазгодна ўваходзіць у міжнародныя эканамічныя дачыненні праз прыярытэтнае развіццё некалькіх перспектыўных галінаў вытворчасці.
5.4. Зямельнае пытанне
Эканамічны стан нашага народа, нашай дзяржавы ў першую чаргу будзе залежаць ад поспехаў у разбудове сельскай гаспадаркі. Мы стаім перад непазбежнасцю адмаўлення ад існуючай аграпрамысловай структуры. Важна карэнным чынам памяняць адносіны паміж працаўніком і зямлёю — нашым галоўным нацыянальным багаццем. Зямля не можа і надалей выкарыстоўвацца так неэфектыўна. Любоў да зямлі можна вярнуць, толькі ўвёўшы на яе прыватную ўласнасць, дазволіўшы селяніну самастойна распараджацца сваёю прадукцыяй. Калгасы нерэнтабельныя. Яны існуюць як вытворчыя адзінкі і як спецыфічныя інстытуты сацыяльнага забеспячэння і выконваюць гэтую функцыю за кошт дзяржаўных датацыяў. Прыватызацыя сельскай гаспадаркі мусіць адбывацца толькі на прынцыпах дабраахвотнасці. Дзяржава павінна садзейнічаць сацыяльнаму развіццю вёскі, праводзіць падатковую і фінансава-крэдытную палітыку падтрымкі сельскагаспадарчых вытворцаў, незалежна ад формаў уласнасці.
Павінен дзейнічаць закон пра зямлю, дзе прадугледжана як дзяржаўная, так і прыватная форма ўласнасці на зямлю. Такі закон адкрывае шлях да пераўтварэння калгасаў у кааператывы, дзе кожны ўдзельнік будзе мець свой пай, будзе мець права выхаду з кааператыву і стварэння прыватнай гаспадаркі.
Землі сельскагаспадарчага прызначэння належыць разглядаць як сродак вытворчасці і жорстка рэгламентаваць іх выкарыстанне. Пры гэтай умове магчыма дапусціць бязвыплатную прыватызацыю часткі такіх земляў (да некалькіх гектараў на сям'ю, чаго дастаткова, каб распачаць уласную справу). Права і рэальную магчымасць атрымаць зямлю павінен мець кожны, хто хоча і будзе на ёй працаваць. Кожны грамадзянін краіны, кожная сям'я павінны мець права на зямельны надзел для будаўніцтва жылога дома. І разам з тым, неабходна мець дастатковы рэзервовы дзяржаўны зямельны фонд. Трэба стварыць Зямельны банк, дзе кожны гаспадар мог бы атрымаць зручны крэдыт.
Трэба дакладна рэгламентаваць правы дзяржаўнай уласнасці ў землекарыстанні. Арэнда зямлі ў дзяржаве ўсімі землекарыстальнікамі, у тым ліку калгасамі, — важная ўмова пераходу да прыватызацыі. Частка зямельнай уласнасці застаецца ў руках дзяржавы.
Для павелічэння эфектыўнасці сельскай і лясной гаспадаркі неабходна, каб не толькі кааператывы, але і асобныя гаспадаркі (фермы) ствараліся разам з комплексам прадпрыемстваў перапрацоўкі і збыту прадукцыі, якія былі б арганізацыйна залежныя ад вытворцаў.
5.5. Экалогія
Шматгадовае камуністычнае гаспадаранне ператварыла беларускую экалагічную сістэму прыроды ў зону бяды. Тры экалагічныя разбурэнні абрынуліся на Беларусь. Першае — гэта Чарнобыль, радыяцыйнае занечышчэнне значнай часткі тэрыторыі краіны. Другое — “хімічны Чарнобыль” — занечышчэнне асяроддзя нітратамі, пестыцыдамі, нафтапрадуктамі, цяжкімі металамі і г.д. Трэцяе — татальная, бяздумная меліярацыя, у прыватнасці — асушэнне Палескай раўніны.
Камуністычнае гаспадаранне стварыла гэтыя праблемы і ў адказе за іх наступствы. Разам з тым сучасны рэжым сваёй палітыкай спрыяе таму, што ў радыяцыйна забруджаных раёнах і надалей працягваецца вытворчасць прадуктаў харчавання.
Актуальнай для краіны стала праблема забруджвання вады і глебы. Істотныя змены, аднак, могуць адбыцца толькі з прыходам на зямлю сапраўднага селяніна-гаспадара.
Паветра Беларусі атручваюць у першую чаргу выкіды прадпрыемстваў. Выйсце трэба шукаць у замене цяперашніх тэхналогіяў на бязвыкідныя.
Дзеля паляпшэння экалагічнага стану ў Беларусі трэба зрабіць наступныя захады:
* выкарыстаць датацыі, падаткавыя і заканадаўчыя рычагі прымусу для стымулявання распрацовак і выкарыстання экалагічна чыстых тэхналогіяў, вытворчасці чыстых прадуктаў харчавання і забеспячэння насельніцтва чыстаю пітною вадою;
* увесці плату за выкарыстанне прыродных рэсурсаў — вады, зямлі, карысных выкапняў і інш.;
* стварыць незалежныя ад вытворцаў сістэмы экалагічнага кантролю і маніторынгу, падпарадкаваныя органам заканадаўчай улады;
* узаконіць міжнародныя экалагічныя стандарты;
* забяспечыць аператыўнае і шырокае інфармаванне насельніцтва;
* стварыць экалагічныя структуры хуткага рэагавання, якія б маглі скарыстоўвацца для адбывання альтэрнатыўнай (невайсковай) службы;
* стварыць скразную сістэму экалагічнай адукацыі.
5.6. Сацыяльная абарона
Сацыяльная палітыка — гэта сістэма абароны чалавека перад стратамі. Галоўныя задачы сацыяльнай палітыкі мы бачым у наступным:
* абарона ад стратаў і галечы;
* сацыяльная дапамога найперш шматдзетным і няпоўным сем'ям;
* індывідуальная падрыхтоўка да магчымых жыццёвых цяжкасцяў;
* стварэнне падставаў для паляпшэння жыццёвых умоваў усяго насельніцтва.
Перад будучай легітымнай уладай і беларускім адраджэннем паўстае важная і актуальная задача аднаўлення веры ў сацыяльную справядлівасць, у магчымасць салідарнага існавання, калі годныя ўмовы чалавечана існавання будуць забяспечаныя не толькі энергічным і прадпрымальным людзям, але і хворым, і пенсіянерам, і інвалідам, і шматдзетным сем'ям. Гэта неабходна будзе зрабіць яшчэ ва ўмовах гаспадарчага крызісу.
Захаванне здароўя — клопат не толькі самой асобы, але і ўсяго грамадства. Лекар павінен мець свабоду рэалізацыі прафесійных здольнасцяў. Побач з дзяржаўным, бясплатным лячэннем і медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва павінны з'явіцца платныя, прыватныя ці калектыўныя лякарні. Павінна развівацца страхавая медыцына, а агульныя выдаткі дзяржавы на сістэму аховы здароўя, медыцынскую навуку і адукацыю павінны складаць пастаянны працэнт ад валавага нацыянальнага прыбытку на ўзроўні агульнапрынятай нормы.
Медыцынская прафілактыка і санітарная адукацыя павінны стаць найважнейшым клопатам дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя.
Установы сацыяльнага страхавання (як дзяржаўныя, так і прыватныя) — неад'емны элемент сацыяльнай рынкавай гаспадаркі. Меркаванні эканамічнай і сацыяльнай мэтазгоднасці патрабуюць:
* каб сацыяльныя ільготы распаўсюджваліся на тых, каму яны сапраўды патрэбныя;
* каб прэтэнзіі на сацыяльную дапамогу падмацоўваліся асабістым удзелам альбо самаабмежаваннем на карысць грамадства;
* каб сацыяльныя ільготы рэалізоўваліся гуманным і рэнтоўным спосабам.
Прасцей засцерагчыся ад сацыяльнага зла, чым змагацца з ім у будучыні. Таму зразумела, што лепш:
* дапамагчы сям'і ў выхаванні дзяцей, чым фінансаваць мерапрыемствы на ліквідацыю стратаў, якія могуць быць выкліканыя асацыяльнымі паводзінамі асобы;
* папярэдзіць няшчасныя выпадкі, чым змагацца з іх вынікамі;
* захаваць здароўе, чым лячыць хваробы;
* запабягаць росту колькасці бедных, чым падтрымліваць людзей, якія страцілі веру ў сябе і сацыяльную справядлівасць.
Адроджаная вольная Беларусь павінна быць краінаю духоўна здаровых, актыўных людзей — грамадствам сацыяльнага аптымізму.
VI. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНЫМ УЗРОЎНІ
У другой палове 90-х гадоў рэпутацыя нашай краіны ў свеце была моцна папсаваная антыпраўнымі недэмакратычнымі дзеяннямі нелігітымнай улады і антыканстытуцыйным дзяржаўным пераваротам у лістападзе 1996 года, пасля якога ў Беларусі была ўстаноўлена аўтарытарная дыктатура адной асобы. Міжнародная супольнасць не прызнала антыпраўны рэжым на Беларусі. Замежныя дачыненні нелегальнага рэжыму звяліся да палітычных гульнаў у барацьбе за ўладу з расейскай кіруючай наменклатурай і да імкнення адкрыта прадаць незалежнасць Беларусі за найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў Маскве.
Пасля змены становішча ў Беларусі — усталявання легальнай улады і вяртання праўных нормаў у дзяржаўнае жыццё — будзе праводзіцца і адпаведная суверэннай дзяржаве міжнародная палітыка.
6.1. Прынцыпы знешняй палітыкі
Мы выступаем за паўсюднае ажыццяўленне правоў асобы, за міжнароднае прызнанне права нацыянальных меншасцяў на родную мову і культуру. Воля да міру ва ўмовах свабоды і да ўзаемаразумення паміж народамі — аснова знешняй палітыкі Беларусі Мы адмаўляем сілу ці пагрозу сілай як сродак палітыкі. Мы падтрымліваем працэс раззбраення і развіцця супрацоўніцтва ў Еўропе. Мы салідарызуемся з намаганнямі міжнародных арганізацыяў дзеля лакалізацыі і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў.
Аднак і праблемы, пакінутыя нам гісторыяй, нельга ігнараваць. Беларускі народ, які яшчэ ў 1918 годзе вярнуў сабе дзяржаўную незалежнасць і заявіў пра сваё права на самастойнае незалежнае існаванне, больш за 70 гадоў сілаю быў пазбаўлены гэтага права. Ягоная тэрыторыя ў 1921 годзе была падзеленая паміж Польшчаю і Расеяй. Прадстаўнікі БССР не бралі ўдзелу ў падпісанні Рыжскае дамовы. У выніку проціпраўнага падзелу велізарныя этнічныя тэрыторыі Усходняе Беларусі былі ўключаныя ў склад РСФСР, а заходнія — у склад Польшчы. У1939 годзе дыктатарскі сталінскі рэжым сілай забраў назад ад Польшчы Заходнія беларускія землі, якія самаўладна аддзяліў ёй у 1921 годзе. Але неўзабаве Сталін дзеля рэалізацыі пакту Рыбентропа-Молатава (асуджанага затым міжнароднай супольнасцю) аддаў Літоўскай Рэспубліцы Вільню і Віленскі край, заселены беларусамі.
Беларусь — адзіная краіна-пераможца, якая ў выніку ІІ Сусветнай вайны страціла сваю этнічную тэрыторыю з-за перадачы горада Беластока і Беласточчыны ў склад Польскай Рэспублікі. Беларуская этнічная Смаленшчына, Браншчына, Паўночная Віцебшчына з гарадамі Невелем і Севежам засталіся ў складзе РСФСР.
Аднак сёння, будуючы вольную, незалежную Беларусь, мы выконваем падпісаныя БССР Хельсінскія пагадненні пра нязменнасць пасляваенных межаў у Еўропе. Мы прызнаём, што шлях невырашальных спрэчак, шлях узаемных тэрытарыяльных прэтэнзіяў не ёсць шлях найлепшы. Міжнародны клімат у Еўропе мяняецца, і вырашэнне спрэчных пытанняў ляжыць хутчэй за ўсё на шляху двухбаковых пагадненняў, узмацнення эканамічных, палітычных і культурных сувязяў з суседзямі. Мы — за двухбаковыя пагадненні з суседнімі краінамі, дзе ёсць беларуская нацыянальная меншасць, за ўсталяванне максімальна спрыяльных умоваў для гуманітарных кантактаў, за ўзаемную падтрымку імкнення захаваць этнічна культурную тоеснасць нацыянальных меншасцяў, за іх нацыянальна-культурную аўтаномію.
Мы прызнаём недатыкальнасць суверэнітэту краінаў і прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў, але прытрымліваемся адначасна прынцыпу салідарнасці ў адстойванні асноўных правоў чалавека, прызнаных у Міжнароднай Дэкларацыі аб правах чалавека.
6.2. Вектары знешнепалітычных дачыненняў
Антыбеларускі рэжым дыктатуры другой паловы 90-х гадоў, непасрэдная пагроза незалежнасці і самому дзяржаўнаму існаванню Беларусі выразна паказалі неабходнасць дыстанцыявання ад расейскай імперскай палітыкі, ад навязвання супольных з Расеяй саюзаў і інтарэсаў. Гісторыя і падзеі яшчэ раз пацвердзілі неабходнасць развіцця заходняга вектару беларускай палітыкі і супрацоўніцтва з Еўрапейскімі палітычнымі і эканамічнымі структурамі.
На працягу стагоддзяў зямля нашых продкаў была непераадольнаю сцяною для агрэсіі, скіраванай з Усходу на Захад ці з Захаду на Усход. Гэтая роля абарончага валу была абумоўленая яе геапалітычным размяшчэннем у раёне, дзе сутыкаюцца розныя этна-культурныя арэалы, розныя цывілізацыі, розныя погляды на чалавека і свет.
У такім становішчы правільнаю выглядала пазіцыя нейтралітэту Беларусі. Аднак гэта часовае становішча і часовая палітыка, якая скончылася ў другой палове 90-х гадоў, калі з боку Расеі былі засведчаныя грубыя прэтэнзіі на адкрытую інкарпарацыю Беларусі ў Расею (пад выглядам “аб'яднання”), а з боку Захаду (пасля дэмакратызацыі Польшчы) стварыўся прыязны клімат для беларускай незалежнасці. Выбар падказвае сама сітуацыя. І мы не мусім страціць гэтага шансу.
Расея засведчыла, што не збіраецца лічыцца з нашым нейтралітэтам і нашым незалежным існаваннем. Найважнейшай задачай беларускай дзяржаўнай бяспекі і нашай палітыкі павінна стаць уступленне Беларусі ў НАТО. Гэта перспектыва, да якой мы мусім імкнуцца ўжо сёння, ствараючы бяспечную будучыню вольнай Беларусі.
Наша міжнародная палітыка павінна сыходзіць з інтарэсаў Беларусі і абумоўлівацца карысцю для яе народу. Таму Партыя БНФ выступае за ўзаемавыгадныя дачыненні з Расеяй праз усталяваную дзяржаўную мяжу. Беларусь гістарычна сфармавалася як краіна заходняй культуры. Узаемадачыненні з Захадам ёсць для нас жыццёвая неабходнасць.
Беларусь павінна мець найперш добрыя стасункі са сваімі суседзямі. Мы лічым, што дзяржавы Усходняй Еўропы, размешчаныя паміж Балтыйскім і Чорным марамі маюць аднолькавыя інтарэсы на Захадзе і аднолькавыя праблемы з Усходам. Гэта краіны блізкай, а такія, як Беларусь, Літва, Украіна — і сумеснай гісторыі. Яны знаходзяцца ў адным поясе еўрапейскай культуры, маюць блізкія эканамічныя інтарэсы. Мы бачым увасабленне гэтай салідарнасці ў Балтыйска-Чарнаморскім супрацоўніцтве дзяржаваў (БЧС), што дазволіла б умацаваць каардынацыю эканамічных, гандлёвых, мытных сувязяў паміж сабой, а таксама дачыненні з Усходам і Захадам.
Еўрапейская палітыка — бясспрэчны прыярытэт для беларускай дзяржавы, паколькі асноўныя каштоўнасці, якія натхняюць наш народ на правядзенне гістарычных пераўтварэнняў, — свабода, справядлівасць, салідарнасць, нацыянальная дзяржава — сфармаваліся на духоўнай і палітычнай глебе еўрапейскага кантэксту, еўрапейскай гісторыі і еўрапейскай культуры.
6.3. Бяспека дзяржавы, войска
Галоўным кірункам нашае нацыянальнае палітыкі бяспекі павінна быць няўхільнае імкненне захаваць мір, абараніць правы і свабоду нашага народа. Для гэтага патрабуецца сведамая воля да абароны суверэнітэту, актыўныя абарончыя намаганні і энергічная міжнародная палітыка.
Абарона нашай краіны ад знешняй пагрозы — справа ўсяго народа. Яна вымагае ад грамадзянаў гатоўнасці ахвяравацца ў імя нашай свабоднай дзяржаўнасці.
Цяперашнія ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь не з'яўляюцца ў поўнай меры беларускім войскам. Праводзіцца мэтанакіраваная палітыка, якая абвастрае праблемы войска і служыць інтарэсам чужой дзяржавы. Беларусь утрымлівае на сваёй тэрыторыі расейскае войска, нясе цяжкі клопат па яго забеспячэнні.
Партыя БНФ выступае за неадкладны і поўны вывад чужога войска з Беларусі, а надалей — за недапушчэнне іншаземных войскаў на нашую зямлю. Мы выступаем за стварэнне сапраўды беларускай нацыянальнай арміі як па складзе, так і па перакананнях. Мы лічым немагчымым існаванне ў нацыянальным войску такой колькасці афіцэраў-наёмнікаў, якая існуе сёння. Беларускім войскам павінны кіраваць беларускія афіцэры. Пры будаўніцтве беларускага войска і вырашэнні кадравых пытанняў неабходна сыходзіць з крытэрыяў лаяльнасці афіцэра ці генерала да Беларусі, беларускіх традыцыяў, мовы і культуры.
Пакуль не адбыўся пераход на прафесійную (кантрактную) вайсковую службу, маладому пакаленню трэба з юначых гадоў даводзіць разуменне вайсковага абавязку як асноўнага дэмакратычнага абавязку.
Нават у цяжкі час дзяржава павінна забяспечыць неабходныя выдаткі на падтрыманне баяздольнасці беларускага войска. Колькасць войска павінна адпавядаць агульнапрынятым нормам — у сярэднім 1% ад колькасці насельніцтва. Беларускае войска павінна быць гарантам беларускай незалежнасці і вольнага развіцця Беларусі.
VII. ЗАКЛЮЧЭННЕ
Праграмныя асновы палітыкі Партыі БНФ адпаведныя ў сваіх галоўных палажэннях з праграмнымі прынцыпамі іншых беларускіх нацыянальна-вызвольных арганізацыяў. Тут ёсць грунт для салідарнасці і добрых дачыненняў.
Прынцыповым паразуменнем для ўсіх партыяў Беларусі павінна стаць агульная беларуская платформа па асноўных каштоўнасцях нацыі і дзяржавы.
Разыходжанне па асноўных каштоўнасцях (такіх, як дзяржаўнасць беларускай мовы, беларуская сімволіка, незалежнасць ды інш,) ёсць вынік каланіяльных перажыткаў. Тым не менш — у Беларусі гэта рэальнасць, якая патрабуе пераадолення. Антыпраўны рэжым другой паловы 90-х гадоў, пагроза суверэнітэту, палітыка інкарпарацыі (“інтэграцыі”) значна высветлілі і размеркавалі пазіцыі ў дачыненнях да расейскай геапалітыкі і беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У цэлым працэсы ідуць на карысць беларускага нацыянальнага вызвалення. Але зразумела і іншае, што гэты шлях яшчэ доўгі і нялёгкі. Партыя БНФ ідзе цвёрда па гэтым шляху.
Мы спадзяёмся, што Праграма Партыі БНФ задаволіць патрабаванні беларускіх дэмакратычных арганізацыяў і нацыянальных мяншыняў у Беларусі. Мы мяркуем, што Праграма прыдасца беларускаму народу, паспрыяе яго нацыянальнаму самаўсведамленню і дзяржаўнай кансалідацыі.
ПЕРШАЧАРГОВАЯ ПРАГРАМА КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ (ПАРТЫІ БНФ)
(Праграма-мінімум)
Беларусы могуць і павінны жыць прыстойна і заможна. Для гэтага, перш за ўсё, трэба разарваць путы залежнасьці ад існуючага прамаскоўскага рэжыму, ад імпэрскай палітыкі Расеі і будаваць незалежную, вольную Беларусь у геапалітычнай сістэме Эўропы.
Трэба ўзаемадзейнічаць з цывілізаванай Эўропай і захаваць мірныя дачыненьні з Усходам.
Мы ставім задачу ўмацаваць незалежнасьць і пабудаваць беларускую дзяржаву на грунце дэмакратыі, культуры і права; беззваротна выйсьці на шлях духоўнага нацыянальнага разьвіцьця, эканамічнага і культурнага прагрэсу.
Апорай для зьдзяйсьненьня гэтай задачы зьяўляецца тое, што большая частка насельніцтва Беларусі імкнецца да пераменаў.
1. Ліквідацыя дыктатуры і спыненьне палітыкі “інтэграцыі” з Расеяй
Першасную задачу, якую трэба ажыцьцявіць, — гэта ліквідаваць бяспраўныя дачыненьні ў краіне і вярнуць дзеяньне Канстытуцыі. Антыбеларуская палітыка “інтэграцыі” з Расеяй мусіць быць спыненая. Немагчымасьць інкарпарацыі Беларусі (ні пад якім выглядам) павінна быць заканадаўча замацаваная.
Выпраўленьне становішча тэарытычна магчыма двума спосабамі: законным шляхам праз выбары (у выніку перамоваў з рэжымам) і мэтадам адкрытага грамадзянскага змаганьня, шляхам націску на незаконны рэжым, актывізацыі грамадзкіх працэсаў і прывядзеньня ў рух масавых сілаў грамадзянскай супольнасьці.
Без ліквідацыі рэжыму бяспраўя і дыктатуры немагчымыя ніякія іншыя стваральныя дачыненьні ў дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы і культуры Беларусі.
2. Першачарговыя дзеяньні пасьля ліквідацыі дыктатуры.
Адразу пасьля сканчэньня дыктатуры, адмены ўлады рэжыму і ўступленьне ў дзеяньне беларускай улады, аўтаматычна зноў вяртаецца дзеяньне Канстытуцыі 1994 года і ўсё адмененае і забароненае рэжымам заканадаўства і інстытуты ўлады. Неадкладна вяртаюцца дзяржаўныя сымвалы Беларусі: бел-чырвона-белы сьцяг і гэрб Пагоня. Адмяняюцца вынікі незаконных рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гг., узбуджаецца крымінальная справа супраць іх ініцыятараў, распускаецца нелегальны, незаконны “нацыянальны сход”. Беларуская мова зноў вяртаецца на дзяржаўны пасад, а пазачыняныя рэжымам беларускія школы тут жа і неадкладна адновяць свой беларускі статус. Будуць зачыненыя ўсе фашыстоўскія і антыбеларускія антыдзяржаўныя арганізацыі. Пра гэта павінны быць прынятыя адпаведныя заканадаўчыя акты.
Мусяць быць забясьпечаны грамадзкі і праўны парадак; адноўленыя законнасьць і законныя інстытуты ўлады, нармальная дзейнасьць беларускіх вышэйшых навучальных установаў. Будзе спынена разбурэньне беларускай культуры і забясьпечаныя праўныя гарантыі павагі да грамадзяніна Беларусі.
Асноўным пытаньнем, якое адразу трэба будзе пачаць вырашаць, — гэта неадкладныя захады па ўратаваньню беларускай эканомікі і падтрыманьні жыцьцядзейнасьці насельніцтва.
3. Першы этап
На першым этапе прыдзецца дзейнічаць хутка і рашуча. Пры гэтым усе дзеяньні новай улады будуць падначалены прынцыпу — “не нашкодзь!”. Дзеяньні павінны мець стваральны накірунак. Неабходна будзе:
1. Стварыць умовы для хуткага аднаўленьня правамоцнасьці Канстытуцыі. Усталяваць незалежную дзейнасьць суддзяў усіх узроўняў, пракуратуры і адвакатуры, забясьпечыць матэрыяльныя ўмовы гэтай незалежнасьці.
2. Падрыхтаваць становішча і ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў у парлямант Беларусі і мясцовыя прадстаўнічыя ворганы ўлады. Увесьці мажарытарна-прапарцыйную сістэму выбараў у парлямант.
3. Забясьпечыць доступ да радыё і тэлебачаньня грамадзянам, грамадзкім арганізацыям, партыям. Ліквідаваць палітычную цэнзуру. Гарантаваць свабоду для беларускай інфармацыі ў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Удакладніць заканадаўчую базу адносна СМІ з улікам інтарэсаў беларускага культурна-нацыянальнага аднаўленьня і бясьпекі беларускай дзяржавы. Увесьці ільготнае падаткаабкладаньне на інвэстыцыйныя праекты ў СМІ.
4. Спыніць дзейнасьць дэкрэтаў, указаў, законаў, паправак да законаў, якія не адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы, парушаюць правы чалавека і яго маёмасныя правы. Увесьці права недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці і маёмасьці, права ўласьніка на іх абарону. Правесьці амністыю і скасаваць крымінальныя справы па палітычных і эканамічных пытаньнях, якія былі ўзбуджаныя джяржаўнымі ворганамі. Правесьці перагляд у судах крымінальных справаў эканамічнага і маёмаснага характару з мэтай вызваленьня са зьняволеньня і пры ўмове выплаты грашовай кампэнсацыі і вяртаньня канфіскаванай маёмасьці несправядліва асуджаным.
5. Зрабіць захады па навядзеньні парадку і ўсталяваньні законнасьці. Узмацніць матэрыяльную і тэхнічную забясьпечанасьць міліцыі, памежнай варты і мытных ворганаў. Нармалізаваль дзейнасьць беларуска-расейскай мяжы. (Увесьці памежны і мытны кантроль.)
6. Актывізаваць міжнародную дзейнасьць. Нармалізаваць сувязь з краінамі эўраатлянтычнага альянсу. Аднавіць супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Эўрапарлямантам, МВФ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
7. Актывізаваць дзейнасьць усіх суб'ектаў гаспадараньня: грамадзянаў, прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў. Дзеля гэтага:
— тэрмінова правесьці перамовы з Расейскай Фэдэрацыяй па мытных пытаньнях і ўвесьці мытныя пошліны на імпарт і экспарт тавараў і прадукцыі ў інтарэсах Беларусі;
— правесьці перамовы з суседнімі краінамі — Украінай, Польшчай, Летувой, Латвіяй, Чэхіяй. Удакладніць ранейшыя дамовы, падпісаць дадатковыя пагадненьні дзеля спрашчэньня правілаў перамяшчэньня грамадзянаў Беларусі праз мяжу і актывізацыі гандлю;
— зьнізіць падаткавую нагрузку на суб'екты гаспадараньня, спрасьціць справаздачнасьць для малога і сярэднега бізнэсу. Усталяваць ільготныя падаткі для перапрацоўшчыкаў сельгаспрадукцыі, для вытворцаў лекаў, медыцынскай прадукцыі і медыцынскага абсталяваньня, для суб'ектаў, што працуюць на тых накірунках эканамічнай дзейнасьці, якія даюць хуткія вынікі ў павелічэньні рабочых месцаў і насычэньні таварнага рынку. Вызваліць ад падаткаў прыбыткі, якія накіроўваюцца на інвэстыцыі. Вызваліць ад уплаты асноўных падаткаў (дабаўленая вартасьць, прыбытак) фірмы і прадпрыемствы, якія выконваюць інвэстэцыйныя праекты дзеля разьвіцьця транспартных камунікацыяў, сувязі, турызму;
— ліквідаваць шматлікія кантрольныя ворганы;
— перадаць увесь арэндны нежылы фонд, у тым ліку той, што прыўлашчаны Упраўленьнем справамі былога прэзыдэнта, у муніцыпальную ўласнасьць. Значна зьнізіць арэндную плату;
— увесьці заяўляльны прынцып пастаноўкі на ўлік суб'ектаў эканамічнай дзейнасьці. Скасаваць дзяржаўную манаполію на большасьць відаў прадукцыі. Адмяніць ліцэнзаваньне відаў эканамічнай дзейнасьці;
— нармалізаваць функцыянаваньне дзяржаўнага бюджэту. Ліквідаваць фонд былога прэзыдэнта, яго сродкі перавесьці ў дзяржаўны бюджэт. Ліквідаваць пазабюджэтныя фонды;
— правесьці аўкцыённую прадажу фірмаў, утвораных пры Упраўленьні справамі былога прэзыдэнта. Сродкі накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду;
— уладкаваць правілы дзейнасьці банкаўскай сістэмы. Зьняць з камэрцыйных банкаў функцыі кантролю за эканамічнай дзейнасьцю кліентаў;
— стварыць умовы для свабоднай дзейнасьці рынкавых мэханізмаў, у тым ліку: валютных, таварных, фондавых, нерухомай маёмасьці, біржаў, страхавых і фінансавых кампаніяў і інш.;
— правесьці мерапрыемствы дзеля стабілізацыі беларускіх грошай. Забясьпечыць устанаўленьне адзінага курсу беларускага рубля. Стварыць стабілізацыйны валютны запас. Увесьці беларускую валюту (беларускі талер);
— прыступіць да зямельнага ўладкаваньня;
— актывізаваць аўкцыённую прыватызацыю гандлёвых прадпрыемстваў, прадпрыемстваў харчовай, лёгкай, будаўнічай прамысловасьцяў. Сродкі ад продажу дзяржаўнай маёмасьці накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду і дзяржаўнага страхавага кампэнсацыйнага фонду.
Выбары новага беларускага парляманту ў дэмакратычных умовах, дасягненьне збалянсаванасьці галінаў улады, дасягненьне стабільнасьці на таварным рынку, увядзеньне стабільнай беларускай валюты (талера), вольнае разьвіцьцё беларускай адукацыі і культуры стануць прыкметай завяршэньня пераходнага пэрыяду.
26 верасьня 1999 г. Прынята IV-ым Зьездам Партыі БНФ