БЕЛЕНЬКІ ЮРЫ АДАМАВІЧ

Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ на Беларусі.

Нарадзіўся 5 мая 1960 г. у Менску ў сямьі рабочых. Беларус. У 1982 г. закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі па спэцыяльнасьці “фінансы і крэдыт”. У 1982–84 гг. працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня міністэрства фінансаў Беларусі. У 1984–86 гг. служыў у арміі. Афіцэр рэзэрва. У 1986–1995 гг. Працаваў на прадпрыемствах канцэрна “Амкадор” у Менску: начальнікам фінансавага аддзела завода “Ударнік”, намесьнікам генэральнага дырэктара ТАА “Амкадор-Траст”. Па накіраваньню прадпрыемства прайшоў курсы навучаньня: ў 1990 г. у Англіі па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 г. — у Нямеччыне па пытаньнях сыстэмных трансфармацыяў эканомікі.

Сябра Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” з самага пачатку існаваньня Фронту ў 1988 г. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і дэпутатам Менскага гарадзкога савета. Актыўна працаваў у складзе апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі. Адзін з аўтараў “Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі”, распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам (канцэпцыі, правільнасьць якой пацьверджана станоўчай практыкай у такіх краінах, як Чэхія і Эстонія, дзе адбываецца рост вытворчасьці і расьце дабрабыт людзей). З 1995 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ), выканаўцам абавязкаў у Беларусі Старшыні Фронту і Партыі.